Зала 9. Успаміны, прысвячэнні
Яўген Канстанцінавіч Петрашэвіч не проста цікавы чалавек. Ён таленавіты ва ўсім. І не разменьвае свой талент на дробязі, а, калі стварае музыку, то велічную, кантатную, песні- цэлыя кампазіцыі. У вершах і вершанятах сваіх абавязкова знойдзе такое народнае трапнае слоўца, як ні ў кога. А захоча разьбярствам заняцца, дык не толькі дрэва, але вялізны камень-валун яму падавай!
Але самы галоўны талент Петрашэвіча - быць чалавечным чалавекам, жыць з людзьмі па-людску. Не чула, не ведаю, ніводнага чалавека, з якім ён сутыкаўся на сваім доўгім жыццёвым шляху, каб быў ім пакрыўджаны, зняважаны, ахаяны. Да людзей Яўген Канстанцінавіч ставіцца паважліва, ідзе да іх з адкрытаю душою, бо гэтай душы ёсць што даць людзям, ёсць што сказаць ім, чаму навучыць.
Я вельмі паважаю Яўгена Канстанцінавіча за яго добразычлівасць, ветлівую ўсмешку, падтрымнае слова. Яблычак, абавязкова антонаўку (“вы ж Антонаўна!”), сяброўскі шарж, пару вершаваных радкоў-парадаў, цэлы вялікі скрутак віншавальных прыпевак, гумар шырокай і шчырай душы, дудачка ўласнай вытворчасці і, вядома ж, песні на мае вершы- гэтыя каштоўныя падарункі спадара Яўгена з гонарам і ўдзячнасцю хаваю ў самай пашаноўнай скрынцы свайго хатняга архіва і душы.
Калі ён прыходзіць да мяне па творчых справах, настрой уздымаецца пасля нашай гутаркі на цэлы тыдзень - цяпла прыбаўляецца. Калі адбываецца чарговая сустрэча навучэнцаў каледжа з гэтым самабытным музыкантам і кампазітарам ці яго знакамітымі “Гарадзенскімі дударыкамі”- у каледжы свята.
Я.К. Петрашэвіч - Настаўнік і Паэт па жыццёваму прызначэнню. Усімі сваімі ўчынкамі, паводзінамі, стасункамі з людзьмі, успрыманнем свету ён вымушае нас быць лепшымі, больш цярплівымі і міласэрнымі.
Энергічны, вясёлы, прыгожы, мудры філосаф і сціплы, добры чалавек, абсалютна бескарысны і найсвядомейшы патрыёт сваёй радзімы - такім ведаю, такім успрымаю я нашага слыннага гарадзенскага Маэстра, нашага таленавітага Творцу Яўгена Петрашэвіча. І вельмі ўдзячна лёсу за тое, што некалі сутыкнуў мяне з ім на творчай ніве.
Яўген Петрашэвіч... Для мяне ён быў, ёсць і будзе Яўгенам Канстанцінавічам. Успамінаю верасень 1954 года, калі я, вучань 2-га класа гродзенскай дзіцячай музычнай школы, першы раз прыйшоў на заняткі аркестра народных інструментаў. Сустрэў мяне тады, як і іншых, малады, з артыстычнай, як і сёння, прычоскай, і ветлівай, добразычлівай усмешкай кіраўнік аркестра Яўген Канстанцінавіч Петрашэвіч. Размеркаваўшы новенькіх аркестрантаў па інструментах (мне давялося іграць на самай маленькай домры-пікала), ён распавядаў нам, што такое аркестр, якія да нас будуць патрабаванні, што цікавае нас чакае.
А чакала нас сапраўды многа цікавага. Гэта і работа над разнастайным рэпертуарам, і гутаркі пра музыку і музыкантаў, і канцэртныя выступленні аркестра ў музычнай школе. Асабліва запомніўся выступ аркестра ў зборным святочным канцэрце на сцэне Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы (на жаль, не помню дакладна, што гэта было за свята і ў якім годзе). Ігралі мы тады з натхненнем і апладысментаў на нашу долю дасталося немала. Гэтаму поспеху, безумоўна, спрыялі апантанасць і прафессіяналізм у рабоце з аркестрам яго кіраўніка - Я.К. Петрашэвіча, яго ўменне не толькі словам, жэстам, але і позіркам падбадзёрыць, дапамагчы ўмацаваць упэўненасць ў сваіх сілах і, тым самым, дасягнуць станоўчых вынікаў.
У нашым аркестры ігралі і вучні Я.К. Петрашэвіча па класе баяна, на сённяшні дзень народныя артысты Рэспублікі Беларусь кампазітары Леанід Захлеўны і Віктар Войцік. Яны дзесьці з другога - трэцяга класа пачалі нешта самі ствараць, і Яўген Канстанцінавіч гэтую іх дзейнасць вельмі заахвочваў і дапамагаў разабрацца ў творчым працэсе стварэння музыкі, бо і сам меў і мае вялікія творчыя здольнасці.
Тут трэба дадаць, што ў тыя мае дзіцячыя гады адносіны ў нас былі самыя даверлівыя, усе дзеці ставіліся да настаўніка з вялікай павагай, ён для нас усіх быў узорам музыканта і чалавека. Не аднойчы мы цэлым гуртам пасля рэпетыцый аркестра праводзілі яго дадому (жыў ён тады на вуліцы Мулярскай). За гэты час, пакуль мы ішлі, ён распавядаў нам шмат цікавага пра навакольнае асяроддзе, пра розныя гістарычныя падзеі, пра Сусвет, пра цікавыя падзеі з жыцця музыкантаў, кампазітараў, дырыжораў і шмат пра што іншае. Такім чынам, будзіў жаданне ведаць пра ўсё як мага болей, як казаў паэт: “зваў з цемры да святла”, за што я асабіста Яўгену Канстанцінавічу вельмі ўдзячны.
Пра тое, што Яўген Канстанцінавіч напісаў як кампазітар, пра яго работу ў ансамблі “Нёман”, пра стварэнне і плённую работу з “Гарадзенскімі дударыкамі” музыканты нашага горада і вобласці добра ведаюць. Хачу дадаць, што дзіцячы ўзорны фальклорны ансамбль “Гарадзенскія дударыкі” шмат разоў выступаў (у розныя гады) на сцэне Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў (былога культурна- асветнага вучылішча, пазней-вучылішча культуры, вучылішча мастацтваў), дзе я працую з 1971 года з нязменным поспехам.
Яўген Канстанцінавіч часты госць у нашых навучэнцаў. Асаблівая прыхільнасць у Яўгена Канстанцінавіча да навучэнцаў спецыяльнасці “фальклор”, бо ў іх асобе ён бачыць тых, хто будзе працягваць справу адраджэння народных святаў і абрадаў, музыкі і спеваў, хто будзе ствараць фальклорныя ансамблі на месцы працы пасля заканчэння вучобы ў каледжы. Так, напрыклад, чарговая сустрэча Яўгена Канстанцінавіча з нашымі навучэнцамі адбылася 24 мая 2006 года на адкрытай гадзіне куратара па тэме: “Уводзіны ў спецыяльнасць”. Вельмі цікавы расказ пра час і пра сябе выклікаў у навучэнцаў 270 і 277 вучэбных груп шмат пытанняў, на якія Я.К. адказаў, прыводзячы прыклады са свайго жыццёвага і творчага шляху.
Мяне асабіста вельмі радуе тое, што Яўгена Канстанцінавіча адразу і з вялікім энтузіязмам адгукнуўся на маю просьбу даць нам свае кампазітарскія опусы, каб мы маглі выкарыстоўваць іх у вучэбным працэсе. Упэўнены, што праз некаторы час асобныя творы будуць укючаны ў рэпертуар вучэбных фальклорных ансамбляў і прагучаць ў канцэртах і на дзяржаўных экзаменах, іншыя творы выканаюць нашы навучэнцы-цымбалісты. Мяркую, што большасць твораў будзе выкарыстана і на ўроках па інструментоўцы для фальклорнага ансамбля. Добра ведаю, што гэты творчы саюз Яўгена Канстанцінавіча з выкладчыкамі і навучэнцамі спецыяльнасці “фальклор” (якая ў каледжы адкрылася дзесяць гадоў таму і якую я ўзначальваю ўвесь гэты час) будзе ўмацоўвацца з кожным годам. Дарэчы, тое, што я звязаў свой лёс з музыкай, я лічу, гэта вынік уплыву і Яўгена Канстанцінавіча.
Пару гадоў таму я даведаўся, што, акрамя музыкі, Яўген Канстанцінавіч піша і вершы. І піша іх даўно, піша пра тое, што трывожыць, хвалюе, прымушае думаць пра людзей, якія яго акружаюць, пра лёс Радзімы, пра мясціны, дзе давялося пабываць, пра людзей, з якімі пазнаёміўся. З гэтых вершаў ужо склалася цэлая кніжка. Я вельмі задаволены тым, што Я.К. даверыў мне прачытаць гэтую кніжку і выправіць там памылкі друку. Спадзяюся, што ў хуткім часе кніжка вершаў Я.К. будзе надрукавана, і аматарам паэзіі вершы спадабаюцца.
Цікава ў асобе Яўгена Канстанцінавіча і тое, што самыя простыя, здавалася б, рэчы ён бачыць у сваім ракурсе, яго погляды заўсёды адметныя, арыгінальныя, своеасаблівыя. Але самае, на мой погляд, галоўнае ў асобе Яўгена Канстанцінавіча - яго шчырая, сыноўняя любоў да нашай Радзімы, да Бацькаўшчыны, цікаўнасць да жыцця ва ўсіх яго праявах.
Шчыра жадаю Яўгену Канстанцінавічу моцнага здароўя, бадзёрасці, аптымізму і далейшых творчых поспехаў ва ўсіх галінах яго дзейнасці.
Старшыня абласной суполкі Таварыства беларускай мовы Алесь Крой так узгадваў пра Яўгена Петрашэвіча:
“Гэта быў незвычайны чалавек, такая асоба, якая з павагай ставілася да беларускай мовы, культуры, традыцый. Тыя ж „Дударыкі” знакамітыя, якія ён стварыў і вазіў у розныя краіны – гэта таксама яго заслуга. Можа я не ведаю ўсіх яго рэчаў, якія ён рабіў у галіне культуры, але важна, што ён гэта вельмі любіў і яно ішло ад душы ў яго”.
Дзесяцігоддзе назад 06.10.2007г. на інтэрнэт-партале "СБ Беларусь Сёння" перад Днём настаўніка з'явілася апытанне вядомых людзей Беларусі (прадстаўнікоў адміністрацыі, спорту, эстрады і інш.), у якім даваўся адказ на простае, але заканамернае пытанне: за што бы вы сказалі дзякуй настаўніку? Мастацкі кіраўнік ансамбля народнай музыкі "Бяседа" Леанід Захлеўны вельмі цяпло ўспомніў свайго педагога Я.К. Петрашэвіча: “Калі б не Яўген Канстанцінавіч Петрашэвіч, які вучыў мяне граць на баяне ў Гарадзенскай музычнай школе, мой лёс, магчыма, склаўся б інакш. Гэта ён навучыў мяне кахаць і складаць музыку...”
Пра Яўгена Петрашэвіча ўзгадвае беларускі бард, гарадзенец Віктар Шалкевіч: “Яўген Петрашэвіч вельмі любіў наш горад і вельмі любіў пісаць песні пра яго. Вось і зараз у мяне на вуснах ягоныя словы: «Дзень добры, гарадняне, мае сябры...». Ён пры ўсім выкарыстоўваў вершы мясцовых паэтаў і ў яго атрымоўваліся дастаткова прыстойныя песні. І калі ён выступаў са сваімі «Дударыкамі», то на гэта варта было глядзець, паколькі і весела, і захапляльна і цікава, і музычна. Ён, канешне, быў малайчына, у ім была нейкая пружыначка, якая доўга-доўга грала і падштурхоўвала яго нешта рабіць. Шкада, што Яўгена Петрашэвіча не стала, але я думаю, што ў акрэсленай часткі насельніцтва ягоныя творы ў памяці застануцца”.
Актывіст гарадзенскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Аляксандр Місцюкевіч, сын каторага браў удзел у калектыве «Гарадзенскія дударыкі» так успамінае Я. Петрашэвіча: “Найперш гэта быў вельмі добразычлівы чалавек, сапраўдны беларус. Яго паважалі людзі, з ім цікава было размаўляць, ён шмат распавядаў. І сам увесь час быў заняты творчасцю. Згадваецца, як ён любіў дзетак, магчыма таму, што не меў сваіх. І вось ягоныя «Гарадзенскія дударыкі» – гэта прыклад таго, як праз пашану да яго дзеці вучыліся шанаваць беларускую культуру. Цікава, што нават з усімі бацькамі сваіх выхаванцаў Петрашэвіч імкнуўся падтрымліваць кантакты, заўсёды перадаваў прывітанні, цікавіўся іх справамі. За гэта яго таксама вельмі паважалі людзі. Асабліва цікава спадар Яўген распавядаў пра розныя беларускія песні. Ён сам пісаў вершы і ніколі не сказаў, маўляў, на вось прачытай, а заўсёды сам дэкламаваў свае творы. Жыццё, вядома, у спадара Петрашэвіча было няпростым. Ягоныя бацькі былі рэпрэсаваныя. Ён шмат распавядаў пра сваю маці і нават помнік, ейны барэльеф, сам асабіста высек на камяні. Дарэчы, ён амаль зрабіў помнік і сабе, але сказаў мне, што не хапіла сілаў давесьці справу да завяршэння, паколькі вельмі балелі рукі...”
Прафесар Аляксей Пяткевіч распавядае якім для яго запомніўся Яўген Петрашэвіч: “Ён быў працаўніком музычнай нівы. Прычым працаўніком, які мала гаварыў, але вельмі многа рабіў. Абсяг ягонай культурнай дзейнасці на музычнай пляцоўцы быў вельмі шырокі, ён працаваў у самых розных жанрах, ён напісаў некалькі соцень песень. Прычым на тэксты пераважна мясцовых паэтаў. Гэта таксама многа значыць”.
Марк Коп, у мінулым дырэктар Гродзенскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра народнай творчасці: “Я дагэтуль рады таму, што мы з дачкой у 2010 годзе выдалі вялікі ягоны зборнік «Беларускі вясёлкавы край», куды змясцілі найлепшыя ягоныя творы. Ягоны ўнёсак бясцэнны і тым, што ён падрыхтаваў вялікую колькасць удзельнікаў мастацкай самадзейнасці і прафесійных музыкантаў, кампазітараў. Да прыкладу Леанід Захлеўны і Віктар Войцік — гэта вядучыя і дагэтуль кампазітары нашай Беларусі”
Фота з імпрэзы, прысвечанай песняру гарадзенскай зямлі Яўгену Петрашэвічу, якая адбылася 11 красавіка 2018 г. у Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Ф. Карскага:
Калектыў Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі:«…Калегі па творчасці, сябры, вучні, родныя і блізкія ведалі Яўгена Канстанцінавіча як таленавітага, рознабакова адоранага, працаздольнага, сціплага, шчырага і добразычлівага чалавека, гатовага заўсёды падзяліцца часцінкай сваёй шчодрай душы і сакрэтамі майстэрства. Такім мы яго любілі. Такім ён застанецца ў нашай памяці».