Зала 1. Дзіцячыя гады, звесткі пра сям'ю

Яўген Канстанцінавіч Петрашэвіч нарадзіўся 8 чэрвеня 1930 года ў вёсцы Падбараны Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.

З успамінаў пра родную вёску: “Мая вёска некалі называлася Падбарамі. Лясы высеклі, і пры Польшчы назвалі Podbozany. А пры саветах – «Подборяны». Беларусы цяпер называюць Падбараны. Такім чынам, назва вёскі выклікае перакошаную грымасу найменняў, але смеху не выклікае, а калі выклікае смех, то праз слёзы. Вёска Падбараны, якая раскінулася на левым беразе Нёмана ўніз на два кіламетры ад мястэчка Лунна, была некалі ажыўленая…”

Багатая на яркія фарбы, маляўнічая прынёманская прырода падарыла будучаму кампазітару эстэтычнае светаадчуванне, спрыяла яго гарманічнаму развіццю. У адукаванай інтэлігентнай сям’і вельмі любілі народную музыку і песню. Любоў да яе выхавала ў маленькага Яўгена маці. Гэта і дапамагло яму знайсці сваё месца ў жыцці.

У маці Вольгі Васільеўны былі вялікія прыродныя здольнасці да іншаземных моў, да спеваў, да музыкі. Першы музычны інструмент, на якім Яўген Канстанцінавіч іграў, быў губны гармонік, які яму падарыла маці.

Вёска Падбараны.
Ля бацькоўскай хаты.
Маленькі Яўгенік са сваякамі - з цёткамі Зінаідаю і Людмілаю,
дзяцькам Іванам. 1937 год.

З успамінаў Яўгена Петрашэвіча “У маладосці маці хадзіла да Нёмана, не магла ніяк наспявацца. Гаварылі “кагосьці накрычыць”- накрычала мяне. Вольга Васільеўна была з роду Рамашкаў, скончыла гандлёвую школу ў Гродне, ёй дапамагаў бацька, (для мяне - дзед Рамашка Васіль). Дзед Васіль жыў у Амерыцы, быў цырульнікам, а потым меў уласную цырульню. Маці разам з бабуляй Фядорай была ў Амерыцы, але вярнулася з-за неспрыяльнага клімату.”

Вольга Васільеўна, маці
Канстанцін Канстанцінавіч, бацька

Пад гэтым небам нарадзіўся,
Матуля падарыла пачуццё.
І я любоў да роднай Беларусі
Нясу, як песьню, праз усё жыццё.
(Я.К.Петрашэвіч)

Бацька Канстанцін Канстанцінавіч Петрашэвіч у Харкаве атрымаў адукацыю і спецыяльнасць кваліфікаванага паштовага служачага.

Служыў начальнікам пошты ў Лунне (Мастоўскі р-н). У 1939 годзе з прыходам Савецкай улады яго перавялі на работу ў Гародню, на пасаду галоўнага бухгалтара абласной пошты. Па ўспамінах Я.Петрашэвіча, бацька прымаў удзел у конкурсе каліграфічнага напісання і атрымаў другую прэмію, таму што вельмі добра і прыгожа пісаў. Пры польскай уладзе працаваў са сваім старэйшым братам цесляром па традыцыях роду.

Бацька меў таксама матэматычныя здольнасці, быў строгім чалавекам і не раздзяляў захапленне сына музыкай. Па ўспамінах Яўгена Петрашэвіча, гэта быў “дзіўны чалавек, з дзіўным лёсам, калісьці іграў на гармоніку, вывучыў па нотах “Отче наш”.

Узгадваў Яўген Петрашэвіч і такі момант пра роднага чалавека: “Бацька мой Кастусь, бывала, вечарам пры лямпе чытаў нам Біблію, або кніжку пра Ірму. І калі трапляўся выраз на рускай мове: «уж настал вечером…», я аж падскокваў і крычаў: «Тата, там уж». А бацька супакойваў і казаў, што гэта слова «ўжо». Слова «ўжо» я разумеў, а слова «уж» мяне палохала…”

Бацькі Яўгена Канстанцінавіча былі рэпрэсіраваны, як агітатар і шпіёнка, за перапіску з матуліным бацькам Васілём і цёткамі Наталкай і Алесяй, якія жылі ў Амерыцы. Бацька - на 15 гадоў, маці - на 25 гадоў былі адпраўлены ў ссылку. У іх дом пасялілі жыць кэгэбістаў.

Бацька ў Ангарску, а маці ў Архангельску адбылі ў ссылцы па 5 год. Аднойчы Канстанцін Канстанцінавіч убачыў сон, у якім былі лічбы, якія ён потым запісаў на накрыўцы чамадана. Гэтыя лічбы і з’явіліся датай вызвалення бацькоў. Пасля вяртання на Радзіму бацькі былі рэабілітаваны.

Бацька памёр у 1979 годзе,  маці - ў 1976.

З успамінаў Яўгена Петрашэвіча “У мяне была мянушка «лупаты» за маю асаблівую прыхільнасць да губнога гармоніку. Жалезныя дэталі гэтага інструмента нагадвалі мне фальгу з-пад шакаладу. Калі я іграў, я адчуваў асалоду ад гукаў. У дзіцячым узросце я любіў ствараць аркестры з мясцовай дзетвары, дзе іграў на губным гармоніку. Пазней навучыўся іграць на баяне. Музычнай была наша сям’я. Дзядзька Грыша іграў на гармоніку, прадзед- на скрыпцы, а мая маці Вольга і сёстры Люда і Зіна - спявалі. Людзі сходзіліся, слухалі, дзівіліся і плакалі. Гэта асяроддзе народнай музыкі, напэўна, аказала на мяне значны ўплыў... .

Быў у нас у вёсцы Жоржык Троцкі, дужы хлопец, іграў на губным гармоніку, ад яго навучыўся і я. Так старанна дзьмуў, што губы калачом паўставалі. Дастане Жоржык губны гармонік - і як дасць жару! А бацька Жоржыкаў - Алесь Троцкі - меў бас. Дзядзька Антось з хутара быў майстра выштукоўваць мелодыю на дудцы. І тыя дудкі рабіць мастаком быў. Я ў яго навучыўся... .

Збіраліся надвячоркам вяскоўцы на беразе Нёмана і так душэўна спявалі, што падарожныя на лодках прыпыняліся, каб паслухаць. На цеплаходах “Баторый” і “Ягела” пасажыры згрудзяцца на палубе, прыветна махаюць рукамі. Далёка ў наваколлі чуліся песні, відаць, даганялі сонца, якое нібыта наўмысна прымаруджвала хаду на небасхіле. Патэфоны, гітары, музычныя інструменты, цэлыя спектаклі, у якіх і я прымаў удзел. Памятаю, паказвалі, як клякочуць буслы, як гаўкае сабака, як квакае жаба. З дзяцінства памятаю і ўкраінца Сямёна Крывашэя. Майстра быў на розныя штукі, рабіў цудоўныя куфэркі. Дзякуючы яму я меў магчымасць асвоіць украінскія песні, як свае. Вось дзе была мая кансерваторыя!”.

Аднойчы Яўгену прыйшла думка: мала проста дыхаць, трэба выдыхаць паветра разам з песняй. Ён ішоў звычайна са школы і напяваў сабе якую-небудзь мелодыю, дзе лясканне зубамі замяняла музычны акампанемент.

Яўген Канстанцінавіч прызнаўся, што спецыяльна рабіў на дыктантах у школе памылкі, перакручваў словы, каб настаўніца выпраўляла. Да спадобы была чырвоная туш, што так расквечвала сшытак. Ніколі не любіў сшыткі ў клетку, а лічбы ў яго мелі сваё асаблівае жыццё. Напрыклад, адзінка бачылася яму, як чалавек с грыўкай, двойка - лебедзем, тройка - гарбуном, чацвёрка была стулам са спінкай, сямёрка - касой. Ён іх пераварочваў, і, калі рашаў задачкі па матэматыцы, інтуітыўна ўгадваў правільнае рашэнне.

Калі была нямецкая акупацыя, Яўген не меў магчымасці вучыцца ў школе.

Бацька Канстанцін Канстанцінавіч каля хаты. 1975г.