Зала 5. Гастролі, паездкі, канцэрты...
1995 год. “Гарадзенскія дударыкі” ў Францыі
З успамінаў Я.К.Петрашэвіча: “Першае сур’ёзнае міжнароднае выпрабаванне ўзорны фальклорны гурт “Гарадзенскія дударыкі” атрымаў на ХІІ Міжнародным фестывалі “Аркестрына”, які праходзіў у французскім горадзе Брыў у 1998 годзе. Трынаццаць аркестраў, семсот юных музыкантаў з краін Еўропы, Амерыкі, Афрыкі - вось што ўяўляў сабою дванаццаты фестываль.
Кампазітар і дырыжор Жак Пеці пры выкананні сваёй кампазіцыі “Мора” пасадзіў беларускіх музыкаў, апранутых у свае нацыянальныя касцюмы, у цэнтры ўсяго зводнага аркестра з сямісот выканаўцаў. “Дударыкам” ён даручыў пачаць кампазіцыю, а таксама выканаць яе завяршальную частку.
Вялікую цікавасць выклікалі беларускія інструменты. У час канцэрта тэлекамеры ўвесь час трымалі ў аб’ектыве цымбалістку Вольгу Канішчаву. У тым жа фінальным канцэрце Жак Пеці прапанаваў для выканання п’есу пад назвай “Ча-ча-ча”. Беларусам даручылі выканаць сольную ўстаўку. І яны з вялікім задавальненнем і вельмі паспяхова спявалі і ігралі”.
З успамінаў Я.К.Петрашэвіча: “Гарадзенскія дударыкі” прымалі ўдзел у міжнародным гала-канцэрце “Тварам да твару з нашым светам”, які праводзіўся ў рамках фестываля “Трандэлаг-2000” у Нарвегіі. “Дударыкі” далі 17 канцэртаў - у дамах для састарэлых і хворых, у гарадской Радзе (мэрыі), на пляцоўках выставы Трандэлаг-2000, у культурным цэнтры Стыклестад - месцы гістарычнай бітвы вікінга Олафа, які стаў каралём Нарвегіі.
У апошні дзень прабывання - нядзелю- “Дударыкі” наведалі Трандхейм, прысутнічалі на экуменічнай службе ў храме Нідарос, дзе пахаваныя нятленныя мошчы св.Олафа, а таксама ўдзельнічалі ў забаўляльнай праграме ў музеі музыкі Рынгве, заснаваным, дарэчы, рускай жанчынай. Арганізатарам гэтай цікавай паездкі стала старшыня грамадскага аб’яднання сяброўства “Нарвегія-Беларусь” Сванхільд Валстадс, настаўніца англійскай мовы, адміністратар школы, кіраўніца таварыства дружбы “Паўночны Трандэлаг - Мінск”. Гэта незвычайная жанчына, пра якую шмат пісала і беларуская, і нарвежская прэса, сваім добрым сэрцам сагрэла многіх беларусаў. І для “дударыкаў” яна была, як вельмі клапатлівая маці.
Галоўнай культурнай імпрэзай мерапрыемства ў Нарвегіі стаў сямігадзінны міжнародны гала-канцэрт “Тварам да твару з нашым светам” пад лозунгам “Маладое пакаленне - за лепшую будучыню”. У ім выступалі скандынаўскія калектывы, а таксама музыкі з Ірландыі, Балгарыі, вострава Марцініка.
Нашыя “Дударыкі” здолелі ўпісацца ў відовішча сучаснай рок-музыкі са сваёй праграмай - цыклам “Поры года”. Зала- вялізны авіяцыйны ангар - бурна рэагавала на любую песню, ці то веснавую, ці то жніўную. А “Вальс” Эдварда Грыга, знакамітага нарвежскага кампазітара, стаў прыемнай нечаканасцю для слухачоў.
А, калі перакладчыца групы ўручыла аргкамітэту пару саламяных лялек - беларусачку і беларуса, як сімвал надзеі на лепшы свет, са словамі “Дзякуй, Нарвегія”, маладыя нарвежцы высока ацанілі гэты жэст адпаведна з іх пачуццямі здаровага інтэрнацыяналізму...
Да таго ж, нашы прыгожыя, у нацыянальным адзенні хлопчыкі і дзяўчынкі вызначаліся ў мнагалюдным па колькасці ўдзельнікаў аглядзе-конкурсе, які праводзіўся ў рамках выставы “Трандэлаг-2000”, і занялі прэстыжнае другое месца з выплатай значнай грашовай прэміі.
Праз “Гарадзенскія дударыкі” прайшло не адно пакаленне дзяцей. Самыя здольныя з іх паступілі ў музычныя ўстановы. Але гонар Яўгена Петрашэвіча- тыя знакамітыя людзі, якія пачыналі свой музычны шлях з яго ўдзелам. Гэта - заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь кампазітар Леанід Захлеўны, кампазітар Віктар Войцік, вядомы баяніст-выканаўца Уладзімір Навасадаў, музыкі-творцы браты Фадзіны і іншыя.
А сакрэты? Якія там сакрэты! Трэба шчыра любіць сваё, роднае, разумець дзяцей і з замілаваннем ставіцца да той справы, якую абраў. Дзеці гэта адчуюць, іх немагчыма падмануць”. Так адказвае Яўген Канстанцінавіч на пытанні пра сакрэты поспехаў.