Зала 4. “Гарадзенскія дударыкі”

Яўген Канстанцінавіч паступова прыходзіць да высновы, што аматары музычнага мастацтва жадаюць бачыць і слухаць блізкую ім па духу народную музыку, у якой адлюстроўвалася б жыццё з яго гаротнасцю і весялосцю. Па гэтай прычыне Яўген Петрашэвіч і вырашае стварыць свой дзіцячы фальклорны ансамбль.

У 1980 годзе ў Палацы дзіцяча-юнацкай творчасці быў арганізаваны фальклорны ансамбль “Гарадзенскія дударыкі”.

Узнікалі цяжкасці ў падборы рэпертуару. Фактычна фальклорных дзіцячых твораў не многа. Кампазітару даводзілася выязджаць у вёскі і збіраць па крупіцах творы народнага музычнага мастацтва. Яўген Канстанцінавіч не раз успамінаў словы вядомага фалькларыста В.Раговіча: “Калі фальклор не будзе развівацца, мы загінем”. І гэтыя словы падтрымлівалі яго ў цяжкую хвіліну, давалі сілы працаваць.

З успамінаў Яўгена Канстанцінавіча “Гэта было вяртанне ў дзяцінства. У Палацы дзіцяча-юнацкай творчасці знайшлася група здатных дзяцей, з якімі мы спрабавалі рабіць фальклорныя кампазіцыі з дудачкамі, скрыпачкамі, цымбалікамі. І тут я адчуў, што, нібы праз павелічальнае шкло, бачыцца маё юнацтва, чуюцца адгалоскі даўнейшых найгрышаў. Учапіўся за гэта, як за выратавальны круг. Зразумеў, што можна стварыць асобную фальклорную групу і адрадзіць дух народных святкаванняў, напрыклад, Каляд, Купалля, маючы атрыбуты гэтага - “Казу”, зорку, папараць-кветку... Пачаў вызначаць тых, хто мог пачуць і перадаць вясковы характар твора.

Неяк правялі рэпетыцыю, і я пераканаўся, што не прагадаю. Даводзілася вырашаць масу праблем. Знайсці спонсараў на шыццё вопраткі, абутку. Майстраваць атрыбуты (калядная зорка, лапці, саламяныя маскі і іншае). Навучыць звычайных дзяцей без спецыяльнай музычнай падрыхтоўкі быць вольнымі, граць, спяваць, прытанцоўваць і ўсё гэта разам - была цяжкая справа. Удзельнік ансамбля Андрэй Шыдла сказаў з цягам часу: “Я пяць гадоў не разумеў, што вы ад мяне хацелі”.

“Гуканне вясны” у выкананні “Гарадзенскіх дударыкаў” каля Палаца дзіцяча-юнацкай творчасці. 1993г.

Наладзіў тут парадак, як у сям’і. Дзеці ж рознаўзроставыя. Малодшыя апякоўваюцца старэйшымі. Кожны мае сваю канкрэтную дзялку, як ролю ў гульні.Калісьці мая бабка Фядора не вымушала мяне сілком займацца спевамі і гармонікам, а наладжвала цэлыя спектаклі. Цікава было!

З цягам часу гэтая групка вырасла ў самастойны ансамбль, у склад рэпертуару якога ўвайшлі песні, танцы, найгрышы каляндарна-абрадавага цыклу. “Дударыкі” вырасталі з маім творчым станаўленнем. У репертуар уваходзілі некалькі блокаў: калядкі, вяснянкі, купальскія песні, патрыятычны і забаўляльны блок, а таксама “інтэрнацыянальныя“ песні. “Інэрнацыянальныя”- гэта калі мы ездзілі ў якую-небудзь краіну, то абавязкова спявалі іх песню. Так, у нас была нямецкая песня пра вясну, англійская -“Капітан”, нарвежскі “Вальс” Э.Грыга, французская “Сурлепо”, а таксама песні ўсіх нашых суседзяў.

Канцэрты “Дударыкаў” у розны час адбываліся ў Літве, Польшчы, Францыі, Швецыі, Нарвегіі. Пабывалі у многіх кутках Беларусі, але найбольш радавалі Гродзеншчыну. Як самы прыемны ўспамін трымаю ў памяці словы жанчыны з райцэнтра Воранава. Мы там удзельнічалі ў канцэрце. Неяк па завядзёнцы проста на вуліцы зайграў на дудачцы. І пачуў: “Глядзіце, глядзіце! Наш дударык ідзе!”.

У ансамблі спачатку было 20 дзяцей: 15 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак (рознага ўзросту). Таму падбор рэпертуару быў больш разлічаны на хлопчыкаў. У інструментальны склад ўваходзілі: дудка, жалейка, аккарына, гармонік, ударныя інструменты, цымбалы, скрыпка, кантрабас, а ў дадатак спевы і прытанцоўкі.

Акрамя творчай работы ў калектыве склаліся і свае традыцыі. Кожны год “Дударыкі” разам з маёй сястрой Ірынай віншавалі са святам “Калядкі” усіх настаўнікаў і гурткоўцаў Палаца”.

Яўген Петрашэвіч з сястрою Ірынай

Калі прыходзіла вясна, “Дударыкаў” запрашалі ў Новы Замак, каб разам адсвяткаваць “Гуканне вясны”. Колькі радасці і вяселля прыносіць вясна сваімі песнямі, танцамі, былінамі, смехам і гумарам!

У калектыве ансамбля праводзіліся Дні імянінніка. У арганізацыі гэтага свята дапамагалі бацькі гурткоўцаў. Штогод у верасні адбывалася ўрачыстае пасвячэнне ў гурткоўцы фальклорнага ансамбля “Гарадзенскія дударыкі”. “Дударыкі” былі частымі і жаданымі гасцямі у кожнай школе і бібліятэцы, на гарадскіх святах са сваімі творчымі праграмамі. Напрыклад, на свята беларускага пісьменства і друку, якое праводзіла Гарадская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, часта запрашаўся і калектыў “Гарадзенскія дударыкі”.

У Яўгена Петрашэвіча перапляліся два таленты - педагога і кампазітара. Гэта станоўча ўплывала на сяброўскія ўзаемаадносіны паміж настаўнікам і вучнямі, а таксама дапамагала развіццю гурткоўцаў, як духоўна, так і творча.

Дзякуючы намаганням мастацкага кіраўніка Яўгена Петрашэвіча і дырыжора ансамбля народных інструментаў Ірыны Белавусавай, у 1993 годзе фальклорнаму калектыву “Гарадзенскія дударыкі” было прысвоена Ганаровае званне “узорны”.

У 1994 г. Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь запрасіла ансамбль на першы Міжнародны фестываль фальклору на Беларусі, дзе калектыў быў узнагароджаны Дыпломам (Пінск-Мінск-94).

Неаднаразова фальклорны ансамбль “Гарадзенскія дударыкі” узнагароджваўся дыпломамі і граматамі абласнога аддзела народнай адукацыі і упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама, граматамі гарвыканкама. Калектыў - часты госць на абласным радыё і тэлебачанні.

У рэпертуары ўзорнага калектыву “Гарадзенскія дударыкі” з 1980 па 1995 гады былі падрыхтаваны наступныя блокі народных песень:

O - “КАЛЯДКІ”

Беларускія народныя песні: “У нядзелю рана”, “На новыя лета”, “Ой, на моры, моры”, “Хадзі бабка каля печкі” і калядкі на словы і музыку Я.К.Петрашэвіча - “Дзядзька Васілю”, “Батлеемска зорка”, “Ідзе, ідзе Каляда” і іншыя.

“Гарадзенскія дударыкі” калядуюць. 2001 г.

O - “ВЯСНЯНКІ”

Песні на словы і музыку Я.Петрашэвіча “Прыляталі жаваронкі”, “Вясна-красна”

Дударыкі гукаюць вясну, 1993 г.

O - “КУПАЛЬСКІЯ”

O - “ПАТРЫЯТЫЧНЫЯ”

O - “ЗАБАЎЛЯЛЬНЫЯ”

Першы састаў фальклорнага Узорнага дзіцячага ансамбля “Гарадзенскія дударыкі”

  1. Васільчык Павел
  2. Заяц Данік
  3. Капуста Андрэй
  4. Крамушчанка Віталь
  5. Палеха Аляксандр
  6. Палавінчыкаў Уладзімір
  7. Шыдла Вольга
  8. Шыдла Андрэй
  9. Шыдла Кастусь
  10. Бурлыка Сяргей
  11. Іоська Ганна
  12. Салаўёў Аляксей
  13. Бандаровіч Дзмітрый
  14. Крупскі Сяргей
  15. Кашэта Алесь
  16. Лысюк Сяргей
  17. Шчука Крысціна
  18. Гняцецкі Андрэй
  19. Петрашэвіч Аляксей
  20. Канішчава Вольга

Выступаюць “Гарадзенскія дударыкі”

“Гарадзенскім дударыкам”- 10 гадоў
Юбілейная вечарына ў гарадскім Доме культуры (14.05.1998 г.)

Верш Я.К.Петрашэвіча
да 10-гадовага юбілею ансамбля “Гарадзенскія дударыкі”

Гарадзеньскія Дударыкі-
Вясёлыя тварыкі.
Дзесяць год спявалі, гралі,
Юбілею дачакалі.

Хвала вам, Дударыкі,
Вясёлыя тварыкі.

Колькі раз мы выступалі,
Нам цукерачкі давалі.
Стараліся пільна
Дударыкаў зьмена.
Дзякуй цётачцы Ірыне
І дзядзьку Яўгену.

За сваю творчую дзейнасць калектыў быў узнагароджаны паездкамі за мяжу, з’яўляўся ўдзельнікам канцэртаў народнай музыкі ў Рэспубліцы Польшча (1989г.-г.Бельск Падляска), Францыі ( 1998г.- г.Брыў), Швецыі (2001г.- г.Норсберг, канцэрт для дзяцей дыпламатаў розных краін), Нарвегіі (жнівень, 2000г.).

“Дударыкі” пабывалі на Першым Міжнародным фестывалі фальклору (Пінск-Мінск,1994г.), фестывалі “Сымон-музыка” ў Стаўбцах, на месячніку Еўрапейскай культуры ў Кракаве (1992г), з Калядным канцэртам ў Вільнюсе (1996г.).