Зала 3. Гродзенскі перыяд
Пасля вяртання ў Гродна Яўген Петрашэвіч вёў актыўную творчую і педагагічную дзейнасць. На працягу 14 гадоў працаваў ў Гродзенскай музычнай школе №1 імя Ю.Семянякі (1956-70), дзе некалі сам вучыўся: выкладаў ігру на баяне і кампазіцыю, адкрыў клас цымбал, арганізаваў інструментальны квінтэт, з якім паспяхова выступаў ў Мінску і Беластоку.
Успаміны Яўгена Канстанцінавіча: “У гэты час я напісаў “Інтэрмеца” з тым разлікам, што, калі твор прымуць, то гэта стане для мяне сігналам пайсці вучыцца на клас кампазіцыі. Калі твор прагучаў на радыё, то пры гуках першага акорда я перастаў дыхаць ад хвалявання. Такое можна параўнаць з тым, калі ты ідзеш па сходках, а яны скончыліся, і ты правальваешся ў бездань...
Калі мяне пыталі: “Чаму ты так заўзята займаешся са сваімі вучнямі? ”,- я адказваў: “Хачу, каб гэта дзяўчына калі-небудзь прывяла да мяне сваіх унукаў”.
Адначасова Яўген Канстанцінавіч кіраваў аркестравай групай народнага ансамбля песні і танца “Нёман” (на працягу 5-ці гадоў), затым - аркестравай групай народнага ансамбля танца “Вянок” (таксама 5 гадоў).
У 1972-74 гадах быў кіраўніком хору Аблсаўпрофа ў Гродне. Ён сам не заўважаў, як рос творча, як паглыбляўся яго талент і ззяў яркімі гранямі.
У гэтыя гады Я.Петрашэвіч піша вакальна-харэаграфічную кампазіцыю “Залатыя каласы” на словы вядомага паэта-песенніка Анатоля Астрэйкі. Яна набывае шырокую вядомасць - яе чулі ў розных кутках Беларусі, Польшчы, у шматлікіх гарадах былога Савецкага Саюза. У пастаноўцы ансамбля песні і танца “Нёман” яна была паказана на сцэне Крамлёўскага Палаца з’ездаў у Маскве і мела значны поспех.
“Залатыя каласы” - гэта глыбока лірычны карагод, як шчырая хвала хлебу, багатаму ураджаю, руплівым рукам хлебаробаў, з вялікай прыемнасцю пабачылі ў горадзе Ваўкавыску на свяце “Дажынкі-2004”, а таксама на юбілейным вечары аўтара ў 2005 годзе.
З 1975 года Я.Петрашэвіч кіруе аркестрам народных інструментаў абласнога Палаца піянераў і школьнікаў (дзіцяча-юнацкай творчасці).
У 1977 годзе на словы гродзенскай паэтэсы Дануты Бічэль-Загнетавай напісаў лірычную песню “Бярозанька”, якая таксама набыла шырокую вядомасць.
З успамінаў Яўгена Петрашэвіча:
“Колькі за скупымі радкамі ўласнай біяграфіі падзей! Добра, што маімі дарадчыкамі сталі вядомыя гродзенцы Аляксандр Шыдлоўскі, Адам Чопчыц, Апанас Цыхун, шмат хто з мясцовых паэтаў - Міхась Васілёк, Ларыса Геніюш, Міхась Губернатараў, Людміла Кебіч, Уладзімір Шурпа, Міхась Мельнік, Уладзімір Васько.
Пра ўжо згаданных таленавітых і вядомых асобаў Я.К. Петрашэвіч успамінаў і ў інтэрв’ю, дадзеных Сяргею Чыгрыну на партале “Новы час”:
“Я заўсёды шчыра сябраваў і сябрую з паэтамі. На іх вершы напісаў сотні песень. Пісаў песні на словы Уладзіміра Шурпы, Янкі Насуты, Дануты Бічэль, Ларысы Геніюш, Станіслава Судніка, Міхася Мельніка, Уладзіміра Васько, Пятра Макарэвіча, Апанаса Цыхуна, Міхася Губернатарава, Юркі Голуба, і на твае, Сяргей, вершы.
З цягам часу стаў і сам пісаць тэксты не толькі песень, але і сур’ёзныя вершы. Напісаў “Баладу пра Грунвальд”, “Сказ пра Каложу”, выдаў кнігі вершаў “Пасынкі” (Гродна, 2012) і “Віншаванкі»” (Гродна, 2013). Калегі і сябры мае кажуць, што запозна я пачаў пісаць вершы. А я ў адказ кажу, што зярняты, якія зарадзіліся ў маленстве, прараслі своечасова і, як спелы яблык, упалі на галаву Ньютона…
А яшчэ я з дзяцінства люблю афарызмы. І цяпер у сталым узросце яны не супярэчаць маёй натуры. Бывае ноччу штосьці будзіць, каб запісаць думку ці мелодыю, а калі запішу, то нібы чую: а цяпер можаш спаць…”
Сваімі здабыткамі лічу карагод “Залатыя каласы”, кантату “Гродна, родны мой горад”, “Ласкавую песню” (прысвечана А.Карпюку), “Хай зязюлька сто год накукуе” (адрасавана А.Шыдлоўскаму, А.Чопчыцу), “Ручнічок” (на словы Я.Насуты) і “Вяснянка беларуская” і іншыя. Многія творы напісаны на ўласныя вершы”.