Зала 6. Свет захапленняў

Яўген Канстанцінавіч піша вершы, так неспакойная душа яго шукае самавыяўлення. Ён сабраў вершы розных гадоў, падзяліў іх тэматычна. Галоўная частка - любімы край. Астатнія таксама гавораць за сябе: эўрыка, патаемнае, жалобнае, інтымнае, карацелькі, пацешкі, байкі. Уключыў і свае ўражанні ад замежных вандровак. Кніга вершаў мае назву “Пасынкі”.

Аднойчы Яўген Канстанцінавіч бачыў сон, у якім старэйшы брат бацькі вымавіў усяго адну фразу: “Сымкні калітку”. Ён сапраўды потым пачуў гэтыя словы. Адна з жанчын казала “Сымкні калітку”, калі хавалі яго пляменніка Пятра. Сон збыўся, і пад ўражаннем гэтага быў напісаны верш “Хаваюць сёння беларуса”:

Хаваюць сёння беларуса,
Як пасланца ў свет нябачны,
І так, ці гэтак, не іначай,
Аддзеліцца душа ад цела,
Як з вогнішча аддзеліцца ахвярны дым.
Наколькі цяжка тут было на сьвеце белым,
Настолькі лёгка будзе ёй на свеце тым?
О, Госпадзе, Ісусе!,
Хаваюць сёння беларуса
Гасподзь, будзь міласьціў,
Дапамажы знайсьці спакой яго душы....

1998 г.

У свой час Яўген Канстанцінавіч захапляўся тым, што майстраваў дудачкі. З хатняй калекцыі ён дастае некаторыя з іх і іграе лепшыя свае мелодыі. Яшчэ ў яго ёсць цікавы самаробны інструмент - свістулька, які стварае цудоўныя гукі. На такіх свістульках ігралі калісьці плытніні, якія сплаўлялі лес на Нёмане. Яўген Канстанцінавіч здагадаўся, як свістулькі былі зроблены. Ён аднойчы паспрабаваў змайстраваць такую, а потым гэта стала яго захапленнем.

Каля ўласнага партрэта з самаробнай дудачкай. 2005 год.

Мар’ян Скрамблевіч пад уплывам Яўгена Петрашэвіча заняўся вырабам дудачак больш сур’ёзна. Мар’ян Скрамблевіч быў удзячны, што менавіта сябра Яўген Петрашэвіч рэкамендаваў яму паехаць у Паставы, каб пазнаёміцца з майстрамі з усёй Беларусі. Зараз Мар’ян Скрамблевіч - знакаміты музыка, разьбяр па дрэву, які змайстраваў шмат самаробных дудак.

Захапленне скульптурай займала асобнае месца ў жыцці Яўгена Канстанцінавіча. У адным з інтэрв'ю ён распавядаў: “У маленстве мы, падлеткі, рабілі цацкі самі. І гэта спрыяла самавыказванню сваёй фантазіі ў канкрэтных формах. А бацька займаўся цяслярствам і сталяркай. Калі ён пілаваў якую-небудзь дошчачку ці што рабіў, мы ўважліва сачылі, вучыліся. Ён любіў майстраваць параходы, самалёцікі, свісцёлкі. У дарослым узросце, калі бываў у дзіцячых летніках, я майстраваў дзецям з кары розныя фігуркі, скрыначкі з бяросты. Дзеці імі любяць гуляць, але цацкі павінны рабіць усё ж дарослыя. Так я стаў і мастаком…”

У Даніі за драўляную скульптуру “Вікінг” Я.К. Петрашэвіч атрымаў узнагароду – ордэн “Вікінг”.

Яго рукамі зроблены абеліск з шэрага граніту з партрэтам сваёй маці. У 2000 годзе памерла любімая сястра кампазітара, Ірына Канстанцінаўна Петрашэвіч (1932-2000гг).

На добрую памяць пра яе Яўген Канстанцінавіч вырубаў абеліск з граніту, што знайшоў ля рэчкі Гараднічанкі, а крыж выкаваў знакаміты каваль Юрась Мацко. Усе, хто бачыў абеліск, захапляліся гэтым творам мастацтва. У час працы асколкі упіліся у ногі майстра, але ён не адчуваў болю, апантаны не заўважаў. У якасці напаміну засталіся рубцы ад ранаў, зробленыя гранітнымі асколкамі. На помніку напісаў словы:

Як вянок роспачы,
Надарваліся струны душы маёй ліры,
І заціх на паўслове сумнай роспачы сьпеў..
Усё жыццё я любіў цябе моцна, сястрыца Ірына,
Толькі слова “люблю” так і сказаць не паспеў...

Вельмі рупліва працаваў Яўген Канстанцінавіч са сваім уласным камнем у выглядзе чалавечага следу, бо кожны чалавек павінен пакінуць пасля сябе след на гэтай зямлі, – так лічыў кампазітар. Ён сімвалічна ўбачыў у гэтым граніце знак для сябе і доўга апрацоўваў камень, надаючы яму патрэбныя формы.

У 1990 годзе зрабіў каменны помнік, які ў абхопе мае больш за чатыры метры. Выбіў прыгожыя ўзоры, выразаў словы “Гудзевічы” і “1539 год" – час упамінання вёскі ў даўняй грамаце.

Захапляўся ён таксама выцінанкай, саломапляценнем. У майстра была амаль што калекцыя вялікіх і сярэдніх па памерах саламяных капялюшаў, якія насілі нашыя продкі, былі і лапці.

Адной з мар майстра Яўгена Петрашэвіча была наступная: зрабіць цацкі, якімі бавіліся ў дзяцінстве, і падарыць Гудзевіцкаму дзяржаўнаму літаратурна-краязнаўчаму музею…

Вось такім цікавым чалавекам, прыгожым тварам і душой быў Яўген Канстанцінавіч… Са шчырай усмешкай ішоў ён па жыццёвых сцежках, выпраменьваючы шчодры талент і сыноўнюю любоў да Беларусі праз цудоўныя, непаўторныя творы мастацтва.

Надпісы і малюнкі Я.Петрашэвіча

Вершы Яўгена Петрашэвіча

***

У бярлозе

У бярлозе
Мішка спіць,
На адным
баку ляжыць.
Смокча сваю лапу
Размахнатай храпай.

Звяр’ё склікала ліса
І да ўсіх звярнулася:
“Хто захоча мёду,
“Спявайце Каляды”
Мішка, дай
нам Каляду -
Саладзенькага мядку.
“Усе ідзіце ў хату
І смакчыце лапу”.

Дружына неблагая

Захацелася
нам штосьці,
І прыехалі у госці.
Свае коні прытамілі,
Можа
б сена прывалілі?

Гаспадару,
даражэнькі,
Мо нальеш
ты нам гарэлкі?
Гаспадыня, калі ласка,
Закусіць нам дай каўбаскі.

Твая дочка
спраўна, гладка,
Мо адпусціш
на калядкі?
Не пушчу - дачка малая,
А дружына баявая.

Што ты
дочку не пускаеш?
Мы дружына неблагая.
Гэй, Каляда!

Дзед Мароз

Дрымучы лес,
Скрыпучы снег
Прэ Дзед Мароз
Цяжэрны мех.

Снягурка з ім
Спяшае ўслед.
Сцяжынку топча
З імпэтам Дзед.

Прэзенты ён
Нясе для нас
На Новы год
У добры час!

Вадохрышча

Хрышчэнская вадзіца -
Падзея касмічная.
Усявышні кліча
Усіх на Вадохрышча.

Людзі, у маленні
Станем на калені,
Зачарпнём вадзіцы
З праломкі-крыніцы.

Прычасце вадзіцай
У паклоне нізкім.
Радасць Усявышні
Дорыць мне і блізкім.

Хаваюць беларуса

Хаваюць сёння беларуса -
Часцінку роду майго.
А колькі ўсіх на свеце палягло!
О, Госпадзе Ісусе!..
Хаваюць сёння беларуса,
Часцінку роду майго.
Хаваюць сёння беларуса,
І стала менш на аднаго.
Паплачуць людзі… Што з таго?
Хаця слязінкі, паўшыя у дол нябожчыка глыбокі,
Уздымуцца і з белых воблакаў высокіх
Паведаюць Ўсявышнему пакутнасці яго.
Хаваюць сёння беларуса,
І стала менш на аднаго.
Хаваюць сёння беларуса,
Як зерне сеюць у раллю.
І як яно пакуль не ўмрэ -
Не ўзродзіцца.
Хаваюць сёння беларуса,
Як зерне сеюць у раллю.
Хаваюць сёння беларуса.
А можа, сеюць на вякі?
І па-славянску з правае рукі
Зямелькі сыпнуць па тры жменькі,
Чатыры у труну заб’юць цвікі.
Хаваюць сёння беларуса.
А можа, сеюць на вякі?
Хаваюць сёння беларуса,
Як пасланца у свет нябачны.
І так ці гэтак, не іначай,
Аддзеліцца душа ад цела,
Як з вогнішча аддзеліцца ахвярны дым.
Наколькі цяжка тут было на свеце белым,
Настолькі лёгка будзе ёй на свеце тым?
О, Госпадзе Ісусе!..
Хаваюць сёння беларуса…
Гасподзь, будзь міласціў,
Дапамажы
Душы яго спакой знайсці.