Працуючы выкладчыкам харэаграфіі ў вучылішчы, шмат увагі, душэўных сіл аддавала Ларыса Дзмітрыеўна моладзі. Але ёй чагосьці не хапала. Пасля работы ў прафесійным калектыве Р.Шырмы, ёй хацелася творчасці ў больш значным аб’ёме. Не хапала работы менавіта са сваім, моцным і перспектыўным калектывам.
У 1957 годзе, калі створаны на 10-месячных курсах культасветработнікаў пры абласным Доме народнай творчасці часовы танцавальны калектыў не захацеў “разбягацца”, у Ларысы Дзмітрыеўны Ляшэнка і Паўла Аляксандравіча Радаліцкага [будучага першага мастацкага кіраўніка ансамбля] нарадзілася ідэя, каб з навучэнцаў курсаў, з танцораў і спевакоў арганізаваць самадзейны ансамбль песні і танца “Нёман”.
Ларыса Дзмітрыеўна ўзялася за справу. Па ўспамінах Шэвалье Ігара Аляксандравіча, які працаваў доўгі час побач з ёй у культасветвучылішчы, кіраўніцтвам горада ў тыя часы перад работнікамі культуры была пастаўлена задача стварыць такі ансамбль, каб не сорамна яго было адправіць на гастролі ў Польшчу па запрашэнню польскага ансамбля “Куркі зялёныя”.
Так на прынёманскай зямлі нарадзілася самабытная цудоўная кветка - народны ансамбль песні і танца “Нёман”, які чаруе людзей сваім прыгожым мастацтвам і да сённяшняга дня. Л.Д.Ляшэнка стаяла ля вытокаў нараджэння славутага калектыву, была яго бяссменным пастаноўшчыкам танцаў доўгія гады.
У народным ансамблі “Нёман” Ларыса Дзмітрыеўна Ляшэнка працавала балетмайстрам з 1957 па 1987 гады, затым з 1990 па 1996 гады.
Дэбют новага ансамбля адбыўся на канцэрце ў Гродзенскім гарадскім парку. Нязвыклыя да скаплення гледачоў артысты проста разбегліся са сцэны пасля выканання танца “Крыжачок”. Нават саромеліся выйсці на паклон.
А хутка ансамбль песні і танца “Нёман” ужо з поспехам выступаў за мяжой, у Беластокскім ваяводстве. Потым быў удзел у канцэртных праграмах на ХХІІІ з’ездзе КПСС, на з’ездах КПБ, некалькі гастроляў на ВДНГ у Маскве.
Пасля выступлення ансамбля “Нёман” у Крамлёўскім Палацы З’ездаў вядомы кампазітар - песеннік А.Г.Новікаў у адрас гродзенцаў зрабіў наступны памятны надпіс у кнізе водгукаў: “...Ларысе Дзмітрыеўне Ляшэнка з удзячнасцю за вельмі прыгожую і светлую, свежую работу па стварэнню танцаў у гродзенскім калектыве”.
Артыстаў гродзенскага “Нёмана” і ў Зорным гарадку, і ў Палацах культуры завода “Серп і молат”, аўтазавода сустракалі цёпла і гасцінна. Шмат апладысментаў заваявалі выканаўцы “Лявоніхі”, “Бухенвальскага набату”, “Беларускай мяцеліцы”. Горача віталі масквічы салістаў Зіновія Бянько і Марыю Бяйдук, выканаўцаў вакальна-харэаграфічнай экспазіцыі “Колькі ў небе зорак” і фінальнай “Полькі”.
А колькі добразычлівых запісак, прывітальных адрасоў, пажаданняў новых поспехаў атрымалі “нёманцы”! Вось, напрыклад, якую адзнаку атрымалі яны разам з граматай ад удзячных гледачоў Зорнага гарадка: “Прыміце найлепшыя пажаданні творчых поспехаў ад захопленых у палон вашым мастацтвам. Цудоўнае ваша мастацтва, як цудоўная ваша Беларусь! Бывайце здаровыя!”
Калі намеснік міністра культуры СССР І.І.Цвяткоў вітаў удзельнікаў ансамбля “Нёман” пасля іх першага канцэрта ў Крамлёўскім Палацы, ён сказаў: “Мы ведаем, што Беларусь багатая на таленты, а сёння мы атрымалі вялікае таму пацвярджэнне”.
Паступова забывалася, якім цяжкім шляхам ішоў калектыў да поспеху, як нараджаўся кожны танец, колькі варыянтаў прымалася і адвяргалася, як цяжка было дабіцца дакладнасці малюнка, чысціні і выразнасці выканання.
Для маладых танцораў “Нёмана” былі характэрныя высокае выканальніцкае майстэрства, самааддача, непасрэднасць і шчырае захапленне. У выпрацоўцы гэтых якасцяў - нямалая заслуга Л.Д.Ляшэнка. Зразумелы шматгадовы поспех гэтага калектыву. Дзе б ні выступалі “нёманаўцы”, - а яны з гастролямі аб’ездзілі ўвесь былы Саюз, былі і ў Польшчы, Германіі, Літве, Латвіі, Малдавіі, Шры-Ланке, ГДР, Іспаніі, - ім ўсюды горача апладзіравала самая патрабавальная аўдыторыя.
Восенню 1961 года ансамблю песні і танца “Нёман” было прысвоена ганаровае званне “народны”.
Асабліва яркія ўспаміны пакінула ў артыстаў “Нёмана” паездка на Міжнародны фестываль фальклору, які адбыўся восенню 1981 года ў трох гарадах Іспаніі: Ронда, Мурсіі, і Аўеда. Калейдаскоп песень, танцаў, інструментальных і вакальна-харэаграфічных малюнкаў, якія хутка змяняліся, не пакінулі абыякавымі іспанскіх гледачоў і гасцей фестывалю. Вялікую ролю ў гэтым адыгралі менавіта пастаноўкі танцаў Л.Д.Ляшэнка: карагоды, купальскія, вясельныя і дажыначныя танцы і гульні. Ансамбль “Нёман” быў у Іспаніі тады адзіным прадстаўніком мастацтва Краіны Саветаў.