Зала №5. Гродна

Яшчэ ў Беластоку адбылася сустрэча, якая ўнесла змены ў далейшы лёс Ларысы Ляшэнка. Ларыса Дзмітрыеўна і Пётр Філіпавіч пазнаёміліся з Рыгорам Шырмай, які на той час працаваў са сваёй знакамітай капэлай ў Беластоку. Яшчэ 1 лістапада 1939 года Рыгор Шырма атрымаў мандат на стварэнне свайго прафесійнага калектыву. Ён збірае вакол сябе таленавітых спевакоў і многіх былых удзельнікаў хораў і пачынае мэтанакіраваную працу з імі ў Беластоку.

Беларускі ансамбль песні і танца Р.Шырмы.
Беласток 1939г.

Беларускі ансамбль песні і танца Рыгора Шырмы да сустрэчы з Ларысай і Пятром Ляшэнкамі ўжо паспяхова вытупаў у 1940 годзе ў Мінску, а ў маі 1941 - на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве.

Пазнаёміўшыся з сям’ёй Ляшэнкаў ў канцы вайны, Рыгор Шырма адразу запрашае Ларысу і Пятра на прагляд і праслухоўванне.

- Куды ты яе бярэш? - здзівіўся нехта з памочнікаў Шырмы, гледзячы на кволую і бледную танцаўшчыцу Ларысу, - Яна ж у цябе на сцэне пераломіцца!

Ларыса не зламалася. Не зламалі яе і частыя хваробы пасляваенных гадоў, калі стомлены і аслаблены арганізм даваў збоі. Дзесяць аперацый давялося перажыць маладой жанчыне. Але Ларыса Ляшэнка ўпарта рэпетыравала, многа выступала.

Разам з калектывам Рыгора Шырмы сям'я Ларысы Ляшэнка пераязджае ў Гродна 15 мая 1945 года.

Такім чынам, Ларыса з мужам Пятром Філіпавічам сталі артыстамі ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам вядомага беларускага фалькларыста і музыканта Рыгора.

Ларыса Дзмітрыеўна Ляшэнка і
Іван Маркавіч Хвораст

Шырмы: яна - танцоркай, а муж - спеваком хору.

Калектыў ансамбля пачаў плённа працаваць у Гродна і быў перайменаваны адразу пасля вайны ў Дзяржаўны хор БССР.

У складзе вялікага калектыву Р.Шырмы муж і жонка Ляшэнкі ездзілі з канцэртамі па гарадах вобласці і рэспублікі. Балетмайстрам ансамбля быў апантаны танцор, знаўца і збіральнік беларускіх народных танцаў Іван Маркавіч Хвораст.

Праца ў такім высокапрафесійным калектыве была для Ларысы Ляшэнка вельмі добрай школай. Яна дасканала вывучыла тут характар і асаблівасці беларускага народнага танца і вельмі палюбіла яго прыгажосць і адметнасць. Гэту любоў у поўнай меры перадала яна сваім вучням.

Але ў 1946 годзе Рыгор Шырма расфарміраваў танцавальную групу ансамбля. У 1952 годзе капэла паехала ў Мінск без танцораў. Ларыса Ляшэнка засталася ў Гродна.

Іспанскі танец
Выканаўцы: Ларыса Ляшэнка і
Іван Хвораст

Два гады яна працавала артысткай ансамбля аперэты горада Баранавічы. З 1947 па 1950 гады была метадыстам абласнога Дома народнай творчасці горада Гродна. Амаль адначасова працавала балетмайстрам і піяністкай у Доме афіцэраў, кіравала танцавальнымі калектывамі ў шматлікіх установах і на прадпрыемствах горада.

З 1949 па 1962 год Ляшэнка Л.Д. вяла заняткі ў танцавальным кружку Гродзенскага Дома піянераў. На піянерскай сцэне былі пастаўлены маляўнічыя дзіцячыя балеты “Піянерскае лета”, “Папялушка”, “Снягурка”.

Л.Д.Ляшэнка [у цэнтры]
з юнымі артыстамі старэйшай
групы Дома піянераў
Кіраўнік дзіцячых калектываў Дома
піянераў [у цэнтры - Ларыса Ляшэнка]
Сяр. 50-х гг.
Выступленні артыстаў дома піянераў з дзіцячымі танцавальнымі кампазіцыямі у пастаноўцы Л.Д.Ляшэнка

У газеце “Гродзенская праўда” за 8 мая 1951 года ў артыкуле І.Нісневіча і Р.Пукста “Аб творчасці пачынаючых кампазітараў Гродзеншчыны” аўтарамі падкрэслены несумненныя кампазітарскія здольнасці Ларысы Ляшэнка: валоданне арыгінальным меладычным мышленнем, добрае адчуванне музычнай формы.

У артыкуле Ларыса Дзмітрыеўна названа кампазітарам, які напісаў многа харавых, сольных і дзіцячых вакальных твораў, частушак, фартэпіянных п’ес. Гэта сведчыць толькі пра тое, што Ларыса Дзмітрыеўна спрабавала сябе ў розных жанрах і відах мастацтва.

Л.Д.Ляшэнка - кампазітар. Газета "Гродзенская праўда" [24 ліпеня 1953 г.]
Фото з газеты "Чырвоная змена" ад 22 красавіка 1952 г.

З 1950 года Ларыса Ляшэнка дваццаць гадоў працавала выкладчыкам народнага танца Гродзенскага культасветвучылішча. Танцавальны калектыў вучылішча пад яе кіраўніцтвам здабыў славу аднаго з лепшых у горадзе. Ён пабываў з канцэртамі ў Польшчы, удзельнічаў у першым фестывалі моладзі і студэнтаў у Мінску, выступаў на ўсіх святах песні, вечарынах. Асабліва гродзенцам запомніўся вечар балета, праведзены ў 1963 годзе ў гарадскім парку.

За час працы ў вучылішчы Л.Д.Ляшэнка паставіла мноства розных танцаў. Сярод іх - шмат сугучных таму часу. Напрыклад, “Сустрэча на цаліне”, “Кукуруза”, “Вясельная” і іншыя.

Работа ў вучылішчы патрабавала вялікай энергіі і самаадданасці. За чатыры гады навучання юнакі і дзяўчаты павінны былі атрымаць падрыхтоўку клубнага работніка і кіраўніка танцавальнай самадзейнасці. Яны вывучалі класічны, характарны, народны і бальны танцы, тэарэтычныя прадметы - гісторыю балета, касцюма, грыму, музычную грамату. Усе свае веды і любоў да справы аддавала навучэнцам вопытны педагог-балетмайстар Л.Д.Ляшэнка.