Водгукi

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь,
скульптар, прафесар А.Я. Арцімовіч

Маё першае ўспрыняцце У. Церабуна было звязана з абаронай яго дыпломнай работы "Дальва". Здаецца, гэта быў ледзь не першы дыпломнік, які абараняўся на месцы, у лесе, далёка ад паселішчаў, і адно гэта выклікала здзіўленне - якія вялікія арганізацыйныя здольнасці праявіў дыпломнік, зусім малады яшчэ чалавек, дзеля ўстаноўкі сваёй працы і ўладкавання яе ў асяроддзі. Мы ўсе былі добразычліва настроены, тым больш, што не часта кафедра скульптуры тэатральна-мастацкага інстытута выязджае ў поўным складзе на месца на чале з прафесарам А. Бембелем дзеля разгляду такой дыпломнай работы, як манументальная скульптура. Трагізм падзей, іх перажыванне аўтарам, камернасць вырашэння ў акружаючым асяроддзі - усё клалася на душу. Праца нібы адпавядала маштабу душы аўтара і яго творчых памкненняў. У далейшым дыпломная работа "перарасла" ў невялікі мемарыяльны комплекс і атрымала ў народзе назву "Дальва - сястра Хатыні". Сёння яна не забыта, не пакінута грамадствам, і сам аўтар працягвае свой клопат аб ёй.

У наступным я доўгі час даведваўся пра скульптара У. Церабуна праз трэціх асоб. Некалькі год ён узначальваў Гродзенскую арганізацыю мастакоў, наладжваў мастацкія выставы ў Польшчы, Літве. Я мала ведаў пра яго творчую дзейнасць і ўпершыню ў поўнай меры сутыкнуўся з ёй гадоў праз трыццаць пяць у Смаргоні. Я з сынам прымаў удзел у конкурсе па тэме Першаў сусветнай вайны. Менавіта тады я сур'ёзна пазнаёміўся з мастаком У. Церабуном, дзякуючы яго персанальнай выставе, на якой былі прадстаўлены і кераміка, і партрэты, і накіды з абпаленай гліны, і праектныя прапановы помнікаў... Ён быў у складзе журы конкурсу і разам з іншымі членамі журы падтрымаў мой праект. Гэта вельмі зблізіла нас, і ўжо на тэарэтычнай канферэнцыі ў Смаргоні, прысвечанай падзеям Першай сусветнай вайны, мы паказалі сумесныя напрацоўкі будучага праекта. Я разумеў, што без аб'яднання нашых намаганняў я буду "ў адрыве" і ад аб'екта, і ад жывых зносін з заказчыкам. Гэту арганізацыйную адказную працу ўзяў на сябе У Церабун.

У асабістых зносінах для мяне раскрылася вельмі шмат, што датычыцца яго асобы мастака, чалавека, грамадзяніна: гэта і любоў да гісторыі, і захапленне музыкай, і яго шчырае каханне да сваёй "малой" радзімы - Смаргоні.

Я вельмі рады за Уладзіміра Васільевіча, што ён дажыў да шаноўнага ўзросту і не згубіў любові да прафесіі, да свайго дома, да гісторыі шматлікіх маленькіх гарадкоў Беларусі, менавіта з якімі звязаны многія яго творчыя намаганні. Гэтая праца вельмі садзейнічала яго далейшаму творчаму развіццю. Будучы інтэлігентным чалавекам, ён не пакутуе фанабэрыстасцю, не губляе сувязі з простымі людзьмі, даражыць знаёмтвам з імі, дзеля іх і працуе, абнаўляючы і шануючы памяць, гісторыю іх родных гарадоў, пасёлкаў, вёсак.
Што датычыцца мяне, то мне было вельмі лёгка працаваць з У. Церабуном над праектам для горада Смаргоні. За вельмі кароткі тэрмін мы сумесна выканалі ўсю мастацкую частку гэтага аб'екта, і цяпер, калі ідзе падрыхтоўчы працэс па праектаванню ўладкавання тэрыторыі будучага комплекса, ён сумесна з архітэктарам А Бажыдаем ажыццяўляе кантроль над гэтай работай.

Віншую Уладзіміра Васільевіча з чарговай персанальнай выставай, жадаю здароўя і сіл, якія спатрэбяцца яму яшчэ, каб на Смаргоні, яго "малой" радзіме, з'явіўся комплекс, які, магчыма, стане першым помнікам, прысвечаным Першай сусветнай вайне, такога сур'ёзнага маштабу. Ведаючы характар Уладзіміра Васільевіча, мне не вельмі хочацца падводзіць нейкія вынік,і таму што ён заўсёды знаходзіцца ў руху, пошуку, працягвае імкнуцца да здзяйснення сваіх творчых задум і жаданняў. Ён пастаянна ўдзельнічае ў конкурсах, знаходзіцца ў стане дыялога з мясцовымі ўладамі, прапануючы ім увекавечыць тыя ці іншыя мясціны, гістарычныя падзеі. Ён жыве поўным творчым жыццём і бывае незадаволены сабой, а гэта сведчыць аб тым, што ён усё роўна даб'ецца свайго.

Яўген Феліксавіч Шунейка - член Беларускага саюза мастакоў,
прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (з 2011 г.).
Арганізатар і ўдзельнік шматлікіх выстаў у многіх культурных
цэнтрах Беларусі і за яе межамі.
У СТЫЛІ РАМАНТЫКІ І ГЕРОІКІ

Колькі ведаю Уладзіміра Церабуна, скульптар заўсёды ў працы, у руху, у пошуку, у арганізацыйных клопатах, у вырашэнні новых мастацкіх задач. Ён праявіў сябе больш за сорак гадоў няспыннай творчай дзейнасці ў шматлікіх відах манументальнай і станковай скульптуры, а таксама ў акварэльным жывапісу і малюнку, кераміцы.

Яго творчая біяграфія звязаная са значнымі перыядамі ў развіцці беларускай скульптуры, калі гэты від мастацтва ў нас дасягнуў вялікіх прафесійных вяршыняў. Скульптар, можна сказаць, стаў культавай асобай сярод творчай інтэлігенцыі Гродзеншчыны: быў бясспрэчным лідэрам мастацкага жыцця, пэўны час узначальваў абласную арганізацыю Беларускага саюза мастакоў, ініцыятарам развіцця розных наватарскіх форм у скульптурным аздабленні горада і вобласці. Пра гэта сведчыць яго мастацкае вырашэнне Палаца піянераў і школьнікаў у Гродна (1977), манументальна-дэкаратыўнае аздабленне гродзенскага санаторыя “Жамчужына” (1989), кампазіцыя са шкла і метала ў дзіцячым садку калгаса Дубна ў Мастоўскім раёне (1991) і інш.

Шмат выстаўляўся У. Церабун на гродзенскіх, рэспубліканскіх выставах і за мяжой, як творца станковых і дэкаратыўных кампазіцый. Этапнымі сталі яго творы “Расстраляная песня. Памяці Віктара Хары” (1976), “Апошняе жніво” (1981), “Жалейка” (1987), “Ясь і Яніна” (1987), “Апостал Павел” (1993) і інш. Яго скульптурны аўтарскі стыль пачаў пазнавацца адразу, дзякуючы мяккай і рэалістычнай трактоўцы формы, выяўленню глыбокай эмацыйна-псіхалагічнай характарыстыцы герояў. Усё складалася вельмі паспяхова, але творца неўзабаве перарос тое асяроддзе, з якім звязана яго творчае сталенне, назапашванне неабмежаванага творчага вопыту. Ён вырашыў развітацца са сваёй ўтульнай гродзенскай майстэрняй на вуліцы Горкага, якая была сапраўдным цэнтрам творчых сустрэч і сваеасаблівым арт-салонам, і ў 2001 годзе пераехаў у Мінск, дзе пачынаецца яго яшчэ больш актыўны манументальны перыяд скульптурнай дзейнасці.

З Мінску У. Церабун скіроўваецца ў розныя раённыя і абласныя цэнтры Беларусі, каб ствараць самыя неардынарныя творчыя кампазіцыі, прысвечаныя гераічнай айчыннай гісторыі, легендам роднага краю, мужнасці воінаў-інтэрнацыяналістаў, векапомным пачаткам заснавання беларускіх гарадоў і інш. У кожным новым манументальным праекце ён знаходзіць персанальна ці ў творчым суаўтарстве прынцыпова новыя вобразныя вырашэнні разнастайнай тэматыкі ў выразным рамантычна-гераічным стылі.

Дзякуючы яго творчай мэтанакіраванасці, нашы гарады з 2000-х гадоў узбагачаюцца сапраўднымі творамі высокага мастацтва, якія ўздымаюць іх мемарыяльна-эстэтычны выгляд на якасна новы сучасны ўзровень. Каб убачыць творы скульптара, неабходна здзейсніць вялікае падарожжа па Беларусі.

У Гродна была урачыста адкрыта яго кампазіцыя “Крылатая”, створаная з бронзы ў суаўтарстве з А.Крахалёвым (2004). Гарадскі пасёлак Вялікая Берастовіца ўжо немагчыма ўявіць без яго скульптурнай кампазіцыі “Дрэва жыцця” да 500-годдзя заснавання паселішча (2006), над воднай гладдзю возера Свіцязь узвышаецца яго чароўная скульптура “Свіцязянка” (2007). У Скідзелі яго жыхароў і гасцей вітае бронзавы знак “Клёкат буслоў”, прысвечаны 500-годдзю заснавання горада, у раённых цэнтрах - тры манументальныя творы, прысвечаныя воінам-інтэрнацыяналістам, якія загінулі пры выкананні воінскага абавязку (Лагойск, 2010; Смаргонь, 2013; Слонім, 2014).

У шырокім творчым дыяпазоне майстра вялікі арсенал станковых твораў, тэматычных кампазіцый, партрэтаў, мемарыяльных дошак. Ён стаў значнай творчай асобай у нашай сучаснай скульптуры, вызначыўся як творца-патрыёт са сваёй грамадзянскай пазіцыяй, з пэўнай любоўю да сваёй Радзімы, з якой ён звязвае сваю шматгранную мастацкую дзейнасць.

Вялікую вартасць маюць творы У. Церабуна, якія паўсталі на яго малой Радзіме - у горадзе Смаргонь, што на Гродзеншчыне, і, перш за ўсё, гэта скульптурная кампазіцыя “Мядзведжая акадэмія” (2013г.). Мабыць, найвялікшым яго творчым дасягненнем апошняга часу з’яўляецца будаўніцтва (па запрашэнню А.Арцімовіча ў аўтарскі калектыў) мемарыяльнага комплексу па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну 1915-1917 гг. у Смаргоні. 1 жніўня 2014 года там урачыста прайшоў мітынг-рэквіем да 100-годдзя пачатка вайны.

На сучасным этапе сваёй творчай эвалюцыі Уладзімір Церабун з’яўляецца сталым і вельмі аўтарытэтным майстрам беларускай скульптуры, які захапляе сваім прыкладам творчага служэння роднай зямлі. У 2012 годзе у Смаргоні прайшла яго чарговая 16-я персанальная выстава пад назвай “Няспраўджаныя мроі ў творчасці маёй”, дзе аўтар паказаў 35 новых праектаў, якія маюць права на ажыццяўленне. Тое, што ім створана, ўжо стала гісторыяй айчыннага мастацтва, а наперадзе ў яго вельмі багата новых праектаў, на якія здатны гэты таленавіты і нястомны творца-рамантык і сапраўдны змагар за культурны росквіт нашай краіны.

Аляксандр Мікалаевіч Ларыёнаў (1949-2013), знакаміты мастак, скульптар, педагог,
паэт, у мінулым дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Работы А.Ларыёнава выстаўляліся ў Гродна, Маскве, Пецярбургу, Беластоку, Познані, Друскінінкае, Шауляе, Нью-Ёрку, Мемфісе.

Ёсць таленты, якія прыходзяць у свет з прадказальнасцю грыбнога дажджу ў верасні. Прыроднасць і заканамернасць такога дару настолькі відавочная, што "даджовая" метафара не здаецца паэтычнаю вольнасцю і цалкам суадносіцца з тым новым, што з'явілася за апошнія гады ў творчасці скульптара Уладзіміра Церабуна. Яго імя добра вядомае ў краіне.

Сваю мастацкую біяграфію ён распачаў з мемарыяла ў вёсцы Дальва, вядомай як "сястра Хатыні". Выпускнік тэатральна-мастацкага інстытута ("Дальва" была дыпломнаю працаю) стаў уладальнікам прэстыжнае паводле мерак тых векапомных 70-х гадоў прэміі. Малады скульптар адразу ж увайшоў, як бы мовіць, у “абойму”, узваліўшы на сябе ношку майстры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.

Прайшоўшы за гэтыя гады нялёгкую спакусу заказных і, як вядзецца ў падобных выпадках, халодна-афіцыйных твораў, Церабун не згубіў сябе. Майстар з цягам часу стаў мудрэйшым, значыць спакайнейшым, безстароннейшым, а таму і больш узнёслым. Ад вялікіх і не заўсёды жыццяздольных, часцяком асуджаных на няўважлівае парадна-музейнае спазіранне рэчаў, ён прыйшоў да стварэння камерных, але па-мастацку энергаёмкіх твораў.

Ужо выстава ў Дубне (акадэмгарадок пад Масквой), падводзячы вынік зробленага за дзесяцігоддзі такімі працамі, як "Ясь і Яніна", "Жалейка", "Рэха", серыі адмысловых малюнкаў, прыадкрыла перад дасведчаным гледачом "новага Церабуна", яму самому, майстру, яшчэ невядомага, але ўжо гатовага пайсці далей.

Гліняныя гаршкі і вазы Церабуна, на паверхні якіх гралі водблескі першавытокаў, былі школаю спасціжэння формы, сугучнае як прыродным утварэнням, так і высокім узорам архаічных культур. Яго кераміка ператваралася ў вытанчаныя, разнастайныя ў фактурных знаходках сасуды. Гэтая навіна п'яніла. Прырода станавілася сутворцам новых каштоўнасцяў, падказваючы майстру ў сваіх камянёх, у кары дрэва, у лісцях формаўтваральныя прыёмы. Скрозь фактурныя напластаванні пачалі праступаць абрысы фігур цела.

Сасуды Церабуна трансфармаваліся ў сасуды-скульптуры. Адбыўся сімбіёз злітнасці дзвух уласцівасцей. Гульня мужчынскага і жаночага пачаткаў, гэтых інь і янь усходняе пачуццёвае філасофіі, ператворана скульптарам у эстэтычным вобразе юнака і дзяўчыны. У рэльефе, месцамі высокім, гатовым вось-вось адлучыцца ад свайго сасуда, перададзены майтстрам векавечныя ўласцівасці гэтага "танца кахання". Скульптурнасць, вылепленасць твора не толькіне спрачаецца з традыцыйнымі формамі сасуда, але, наадварот, стварае тонка мадэляванымі, чуйнымі абрысамі ўсё яе непаўторнае хараство. Было відавочна, што гэтая тэма настолькі ўдзячная, асэнсаваная ў шматлікіх пластычных спробах і малюнках, а гэта адзін з моцных бакоў скульптара, што скульптуры, сасуды-скульптуры, пласты - усё стане не толькі узаемазвязанымі, але і ўзаемазалежнымі часткамі цэлага.

Нязменна, тэмаю кахання праз усю творчасць Уладзіміра Церабуна прайшоў вобраз Сымона-музыкі. Развязаны яшчэ напрыканцы 70-х гадоў у дрэве і паказаны на шматлікіх выставах, ён, па сутнасці, стаў эмблемаю скульптара і, вядома, не мог не ўвасобіцца на новым этапе яго творчасці ў кераміцы. Узнік сасуд-скульптура “Сымон-музыка”, адзін з найбольш удалых, на мой погляд, твораў майстры. Коласаў, а пасля і народны вобраз юнага музыкі - душы свету, якая злучана з прыродаю незлічальнымі сувязямі - гэта фактычна размова пра найгалоўнейшае ў мастацтве: пра шчырасць, гармонію, красу. Пра дзіцячасць. Жыць ва ўнісон з прыродаю, быць чуйным да рытмаў космасу, да паэтычных рытмаў, а таму сасуд, з якога праступае чуйная да свету, укленчаная постаць хлопчыка - alter ego самога майстры.

Сасуды -скульптуры Церабуна - жывыя, земляныя і прыродныя. Мяркую, для кожнага мастака гэтыя словы абазначаюць найвышэйшую пахвалу. Пастаўленыя пэўным чынам на доўгую паліцу майстэрні, яны ўяўляюць сабою захапляльную, амаль кінематаграфічную разгортку пластычна ўвасобленых пачуццяў-эмоцый.

І тады ў маім, г.зн. зрокавым уяўленні паўстаюць радэнаўскія рукі Творцы, як рукі самой Прыроды. Імя вялікага француза прыгадалася нездарма. Таксама як і Радэн, Церабун пазбягае слова “натхненне”, аддаючы перавагу “працы”. Ён не чакае нябёснае інспірацыі. Праца кожнага дня - вось умова яго творчых набыткаў. І бясконцая (хочацца думаць так) “лава” сасудаў, скульптур “выліваная” з яго майстэрні, сведчыць, што Бог любіць апантаных.