«Дальва» - пачатак шляху
Усяго толькі месяц займаўся Уладзімір Церабун на падрыхтоўчых курсах і паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на толькі што адноўленнае аддзяленне скульптуры. На ўступных экзаменах, пасля трохгадовай вайсковай службы, дзе было не да мастацтва, ён набраў 31 бал, а для залічэння было дастаткова 28.
Студэнцкае жыццё было нялёгкім - жыць даводзілася на адну стыпендыю, бо бедныя бацькі не маглі аказаць яму значную падтрымку, хоць і стараліся з усіх сіл. Кожную хвіліну выкарыстоўваў малады таленавіты мастак для працы. Пакуль ехаў у электрычцы, паспяваў зрабіць некалькі дзесяткаў накідаў у сваім невялічкім альбомчыку, а прыехаўшы дадому, раскладваў вялізныя лісты з акадэмічнымі малюнкамі і думаў, што яшчэ можна паправіць у фігуры натуршчыка. Яму пашчасціла вучыцца ў вядомых скульптараў, народных мастакоў БССР, лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі БССР Андрэя Ануфрыевіча Бембеля і Анатоля Аляксандравіча Анікейчыка, скульптара Генадзя Ільіча Мурамцава і жывапісца Уладзіміра Маркавіча Пасюкевіча (вёў прадмет “Малюнак”).
Каб дабіцца поспеху, аднаго таленту мала, трэба яшчэ вялікая штодзённая праца і патрабавальнасць да сябе. Усё гэта было ў Валодзі Церабуна. І поспех не заставіў сябе доўга чакаць. Ужо на трэцім курсе да маладога скульптара прыйшла першая творчая перамога. Ён выйграў конкурс на стварэнне мемарыяльнага комплексу «Дальва», аб'яўлены сярод студэнтаў. Яго праект быў прызнаны лепшым.
У аснове праекта мемарыяльнага комплексу “Дальва” У.Церабуна - вобраз беларускай жанчыны-маці, да якой у жаху ад убачанага прыціскаецца аголены хлопчык. Ён цудам уцалеў у спаленай вёсцы, якую напаткаў лёс вядомай усяму свету Хатыні. Гэтага хлопчыка Уладзімір Церабун ляпіў з вучня мясцовай Акалоўскай школы Васі Пятрухіна.
Праца над скульптурамі мемарыяльнага комплексу была нялёгкай. Вялікае сялянскае гумно ў вёсцы Мятлічыцы, якая знаходзіцца ў 7 км ад былой вёскі Дальва, стала творчай майстэрняй. Некалькі тон гліны было перапрацавана на чатырохмятровую фігуру. Спачатку маладому мастаку Церабуну дапамагаў аднакурснік Мікола Кавалёў, але гэта было нядоўга і праз пэўны час той пакінуў будаўніцтва. Усе фізіка-матэматычныя разлікі, каб вытрымаў каркас, і шматтонная гліняная фігура не асела, Уладзімір рабіў самастойна.
Помнік прыняла экзаменацыйная камісія Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, у якую уваходзілі А.А. Бембель, А.А. Анікейчык, Г.Х. Вашчанка, П.С.Крахалеў і іншыя выкладчыкі. Старшынёй камісіі быў рэктар такога ж інстытута з Кіева. «Дальву» залічылі за дыпломную работу і паставілі самую высокую адзнаку. Гэта быў першы выпадак за 20 гадоў кафедры скульптуры, калі дыплом выконваўся ў матэрыяле і на месцы. За гэту работу Уладзімір Церабун быў адзначаны Прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі (1976г).
- Гэта не проста пачатак творчай дзейнасці. Перш за ўсё - гэта іспыт даверу, гэта доказ самому сабе, гэта адказнасць і першы вопыт манументальнага будаўніцтва. Сем месяцаў працы ў перыяд студэнцкіх канікул чацвёртага і пятага курсаў. Выхадных дзён амаль не было. Мемарыяльны комплекс не быў бы пабудаваны без дапамогі ініцыятара гэтага будаўніцтва, адзінага жыхара вёскі Дальва, цудам уцалеўшага ад гібелі 19 чэрвеня 1944 года, М. Гірыловіча, і дырэктара саўгаса «Іскра», на тэрыторыі якога знаходзіцца помнік, У. Буйневіча. На працягу будаўніцтва жыў у вёсцы Мятлічы, што ў сямі кіламетрах ад мемарыяла, у сям'і Акуліч. Комплекс існуе больш за сорак год. Здаецца, памылкі няма, ёсць пэўны гонар.
У 2005 годзе ім быў распрацаваны праект рэканструкцыі комплекса і паступова шмат было зроблена: гранітам абліцавана сцяна памяці, перакампанаваны тэксты, рэстаўрыравана выкалатка з медзі, пакладзена з пліткі алея ўздоўж спаленых дамоў, вылеплены і адліты з чыгуна новых пяць нацюрмортаў, усталянаны азярод і арэлі з дрэва.
Від пасля рэканструкцыі 2005 - 2012 гадоў. Арэлі. Азярод.
Від пасля рэканструкцыі 2005 - 2012 гадоў, алея ўздоўж спаленых дамоў
Пяць новых нацюрмортаў.
Рэканструкцыя 2005 - 2012 гадоў.