Зала 2. Біяграфія

  1. Дзяцінства і юнацтва
  2. Вялікая Айчынная вайна
  3. Пасляваеннае жыццё
  4. Гарадзенскі перыяд
  5. Сям’я
  6. Памяць
  7. Хроніка падзей жыцця

Дзяцінства і юнацтва

Аляксей Нічыпаравіч Карпюк нарадзіўся 14 красавіка 1920 г. у сялянскай сям’і ў вёсцы Страшава недалёка ад мястэчка Гарадок (Грудак) на Беласточчыне (цяпер Гміна Грудак, Беластоцкі павет, Падляскае ваяводства, Польшча). Бацька Аляксей Нічыпаравіч і маці Марыя Міхайлаўна (з роду Дудзікаў) мелі добры надзел зямлі – 32 гектары, але зямля надзелу была пясчаная і камяністая, частка ўяўляла сабой балота і тарфянік.

Фота 1. Касцы вёскі Страшава. Другая палова 30-х гг. Другі справа – Аляксей Карпюк.

У сямейнай гаспадарцы, па ўспамінах Аляксея, былі адзін кань, дзве-тры каровы, пяць-шэсць авечак і некалькі свіней. Хлопчык не памятаў сябе сярод аднагодкаў за гульнямі. Яму толькі ўзгадвалася, як ные спіна, і пот залівае вочы ад цяжкай сялянскай працы. Алёшы нават хацелася захварэць, каб адпачыць.

Фота 2. Бацькоўская хата ў вёсцы Страшава (Беласточчына)

Польскую сямігадовую школу скончыў у 1934 годзе ў Гарадку (Грудку). Ад хутара да школы было шэсць-сем кіламетраў. Акрамя кніг, браты Аляксей і Уладзімір насілі з сабою ў горад зімой і восенню ў любое надвор’е 6-7 літраў малака на продаж. Аляксей часта хварэў. Сваю вучобу ўспамінаў з нянавісцю. Не толькі з-за праблемы дабірацца да школы, але і з-за насмешак і здзеку з боку настаўнікаў і вучняў – прадстаўнікоў польскага чынавенства, габрэйских фабрыкантаў, крамнікаў і іншых прадстаўникоў дробнай буржуазіі. Вопратка, босыя ногі, дрэнна вымаўленае польскае слова, паходжанне з вёскі, якую паліцыя называла "чырвоным гняздом", выклікалі пагарду аднакласнікаў і варожасць настаўнікаў. Таму Аляксей «узненавідзеў школу, настаўнікаў і усё тое, чаму яны вучылі» (Карпюк А. «Мая Джамалунгма»).

Паводле ўспамінаў брата Уладзіміра, з маленства Аляксей імкнуўся да друкаванага слова. Сем кіламетраў доўжылася дарога ў школу, сем – назад. А ў дарозе часцяком ён чытаў. Улюбёнай кнігай для хлопчыка стаў раман Джэка Лондана «Марцін Ідэн».

Польская сярэдняя школа давала добрую адукацыю ў параўнанні з савецкай, па назіранні А.Карпюка, якімі ён дзеліцца з чытачамі ў творы «Развітанне з ілюзіямі». Там вывучалі асновы Бібліі, сусветныя шэдэўры літаратуры, матэматыку, фізіку, музыку, маляванне, замежныя і лацінкую мовы так, што выпускнікі свабодна на іх размаўлялі, і іншыя гуманітарныя прадметы, што усебакова развівала асобу.

Фота 3. Аляксей Карпюк (другі злева) сярод моладзі Заходняй Беларусі (другая палова 30-х гг.)

Бацька Нічыпар Аляксеевіч Карпюк ў вёсцы арганізаваў партыйную ячэйку камуністаў (КПЗБ), потым – камсамольскую ячэйку (КСМЗБ). З верай ў справядлівасць камуністычнай ідэі Алёша Карпюк у трынаццацігадовым узросьце далучыўся да заходне-беларускага камсамолу – уступіў у саюз моладзі Заходняй Беларусі.

У 1936 годзе Карпюкоў бацьку і сына Аляксея арыштавалі – па Беластоцкім ваяводстве адбывалася кампанія па ліквідацыі КПЗБ і КСМЗБ. Бацька атрымаў невялікі тэрмін турэмнага заключэння, а Аляксея амніставалі як непаўналетняга. Летам 1938 г. выканкам Камінтэрну распусьціў КПЗБ, з абгрунтаваннем, што ў партыі быццам зашмат правакатараў і польскіх шпіёнаў. Пазней Аляксей Карпюк назваў КПЗБ партыяй «наіўных рамантыкаў і святых летуценнікаў» (Карпюк А. «Развітанне з ілюзіямі»).

Фота 4. Аляксей Карпюк з бацькамі. 1937 год.

У 1938–1939 гадах А. Карпюк вучыўся ў Вільні ў вечаровай школе пры польскай гімназіі імя Ю. Славацкага, дзе двухгадовую праграму праходзілі за год. З ежай дапамагалі бацькі, а грошы на вучобу Аляксей зарабляў сам – быў пасыльным у гімназіі, разносіў па кватэрах малако.

Вучоба ў Вільні адбілася на светапоглядзе будучага пісьменніка. Уінстан Чэрчыль адзначаў: «Вільня – горад, за які спрачаюцца палякі і літоўцы, але ў якім жывуць беларусы і габрэі». У Вільні Карпюк наведваў бібліятэку імя Тамаша Зана, знаёміўся з новымі творамі беларускай літаратуры, быў на сустрэчах з беларускімі пісьменнікамі. Вучоба ў Вільні паўплывала на нацыянальную свядомасць Аляксея Карпюка, абудзіла любоў да беларускай мовы і культуры.

Заканчэнне вучобы ў школе пры Віленскай гімназіі супала з перакройкай карты Еўропы – СССР і фашысцкая Германія дамовіліся пра падзел свету і падзялілі Польшчу. Таму пасля так званага ўз’яднання беларускага народу ў верасні 1939 года працягваць адукацыю Аляксею Карпюку давялося ўжо ў Навагрудку – спачатку ў гімназіі (1939–1940 гг.), а затым у Навагрудскім педагагічным вучылішчы (1940–1941 гг.), дзе да лета 1941 года ён скончыў два курсы.

Аляксей Карпюк падаў заяву на ўступленьне ў камсамол і атрымаў адмову – сакратар камсамольскай арганізацыі вучылішча прыпомніў трыццаць гектараў зямлі яго бацькі, членства ў заходнебеларускім камсамоле.

Фота 5. Навучэнцы Навагрудскага педвучылішча за некалькі дзён да вайны (1941). Стаяць: справа – Аляксей Карпюк, злева – Уладзімір Калеснік

У Навагрудку А. Карпюк не толькі выбраў сабе прафесію педагога, але і адшукаў сябра на ўсё жыццё – вядомага ў будучым пісьменніка Уладзіміра Калесніка, які ўспамінаў: «Аляксей набыў у нас правы рупара грамадскіх ідэй, інфарматара і напамінальніка. Імпанавала ў ім упартая самастойнасць, незалежнасць меркаванняў, ацэнак і паводзін, пацяшала бяскрыўднае дзівацтва» (Калеснік У. Плён творчасці – досвед жыцця : [прадмова] // Карпюк А. Выбраныя творы : у 2 т. – Мінск, 1991. – Т. 1.)

Вялікая Айчынная вайна

Вайна застала Аляксея Карпюка, калі ён быў навучэнцам Навагрудскага педвучылішча. Юнак не разгубіўся, пабачыўшы масавае адступленне савецкіх войскаў з Гародні, знайшоў ваенкама і запатрабаваў залічыць яго добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Але вайскоўцы і прадстаўнікі ўлады былі ў разгубленасці, і ніякіх распараджэнняў яшчэ не мелі. Таму Аляксей пайшоў пешшу дахаты – у роднае Страшава на Беласточчыну.

Літаратуразнаўца Аляксандр Фядута піша пра пісьменніка так: «Гэтага высокага каржакаватага дзецюка, якога ніхто не рыхтаваў да вайны, чакаў цяжкі шлях – шлях партызана, вязня канцлагера, жаўнера, які дайшоў да Берліну» (Фядута А.І. У змаганні за Праўду: прадмова // Карпюк, А. Выбраныя творы. – Мн, 2007).

Аляксей Карпюк пачынае змаганне з ворагам у глыбокім тыле як сувязны падпольнай групы, які валодае нямецкай мовай. Ён уладкаваўся працаваць на чыгунку і адразу ўсталяваў кантакты з акружэнцамі, разам з сябрамі дапамагаў ім – збіраў зброю, інфармацыю, ажыццяўляў сувязь паміж лесам і Беластокам, удзельнічаў у некалькіх акцыях. Падпольная група ваенных і цывільных людзей пад камандаваннем былога старшыны войск НКУС Дзмітрыя Высоцкага, у склад якой ён уваходзіў, арганізоўвала дыверсіі на чыгунцы недалёка ад Ваўкавыску ў канцы 1942 г.

У лютым 1943 года па даносе правакатара бацька і сыны Аляксей і Уладзімір былі арыштаваныя і трапілі ў беластоцкую турму. Арыштоўвалі людзей сотнямі не за канкрэтную антыфашысцкую дзейнасьць, а проста за ўдзел у КПЗБ, беларускіх дэмакратычных арганізацыях у часы Польшчы. Карпюкам пашанцавала – прамых доказаў супраць іх не было, і яны не былі расстраляныя. Бацьку хутка адпусцілі, а два браты як «бандыты» аказаліся ў канцэнтрацыйным лагеры Штутгоф (тэрыторыя Польшчы – 35 км ад Гданьска).

Аляксей Карпюк перажыў паўтары гады лагерных пакутаў і здзейсніў неверагодны па тым часе рызыкоўны паступак – спланаваў уцёкі і збег з лагера смерці восенню 1943 года. За гэты пабег яго брат Уладзімір атрымаў ад фашыстаў жорсткія допыты і збіццё, і яму таксама ўдалося ўцячы з лагера, але толькі праз год і восем месяцаў пасля пабегу брата.

Стомлены ўцёкамі, Аляксей начаваў у нейкім гумне на сене, а на досвітку ваеннапалонны англічанін забяспечыў яго грамадзянскай вопраткай, даў хлеба і паказаў куды ісці, каб дабрацца да Беласточчыны. Данута Бічэль пісала, што ў маі 1992 года яна прыводзіла на кватэру А.Карпюка перакладчыцу і пісьменніцу з Лондана Веру Рыч, і хворы ўжо Карпюк распавёў ім пра свае ўцёкі з лагера Штутгоф («Сэрца людское яднаецца з сэрцам сусвету...» // Карпюк, А. Развітанне з ілюзіямі. – Гародня–Вроцлаў, 2008. – С. 5–27.)

Становічша, у якім апынуўся ўцякач з лагера А. Карпюк, апісваў і пісьменнік Васіль Быкаў. Паводле іх, пасля доўгай і небяспечнай дарогі па тэрыторыі Польшчы Карпюк дабраўся нарэшце да роднага хутара пад Беластокам. Але ў яго хаце знаходзіліся нямецкія жаўнеры, і хлопцу давялося зноў уцякаць.

У ваколіцах Беластоку ніякіх партызанскіх атрадаў не было, і Карпюк рушыў пад Ружаны ў знакамітую Гута-Міхаліну, дзе напрыканцы 1943-га разьмяшчалася галоўная групоўка Баранавіцкага партызанскага злучэння. Трапіўшы ў партызанскую брыгаду, дзе не было ніводнага знаёмага па мінулых аперацыях чалавека, Аляксей Нічыпаравіч падвергся арышту ў зямлянцы і допытам як нямецкі шпіён. Ён зразумеў, што ўсё можа скончыцца хуткім судом «па законах ваеннага часу» і расстрэлам, і зноў уцёк.

Пасля чарговага блукання па лесе, сустрэўся з байцамі закінутай з неакупаванай тэрыторыі спецыяльнай групы пад камандаваннем былога ленінградскага інжынера Мікалая Вайцяхоўскага. Той рыхтаваўся на аснове свайго невялікага атрада стварыць цэлую партызанскую брыгаду, і маладыя ініцыятыўныя хлопцы з мясцовых былі яму вельмі патрэбныя.

Фота 6. Аляксей Карпюк з Лізай Чапнік (падпольная мянушка Марыся Мразоўская) і яе дачкой Алай. Фота з кнігі М. Шэпелевіч “Шлях дзяўчыны з Гродна”.

Так 23-гадовы Алёша Карпюк стаў камандзірам атраду імя Кастуся Каліноўскага ў аднаіменнай брыгадзе. Тут ён пазнаёміўся з падпольнай сувязной, а затым старшынёй беластоцкага антыфашысцкага камітэта Лізай Чапнік (падпольная мянушка Марыся Мразоўская), якая пакінула пра гэта сяброўства свае ўспаміны (М.Шэпелевич. Путь девушки из Гродно: ещё одно восхождение. – Гродно, 2016). Яна кантактавала з ім не толькі як з баявым таварышам – ён стаў для яе і сябрам, і абаронцам.

Усё напісанае Васілём Быкавым пра Карпюка падчас вайны абпіралася на ўспаміны самога Аляксея Нічыпаравіча, а таксама на ўспаміны камбрыга Мікалая Калістратавіча Вайцяхоўскага, які прыязджаў у Гародню, дзе сябры сустракаліся ўтрох.

Камандзірам партызанскага атрада Аляксей Карпюк быў да вызвалення Беларусі летам 1944 года. Найбольш дакладныя звесткі пра гэты перыяд прыводзіць гісторык Андрэй Вашкевіч:

«Атрад Карпюка быў адзіным за ўсю гісторыю партызанскага руху ў 1941–1944 гг. атрадам, названым у гонар вялікага паўстанца. Шмат у чым выпадак, але выпадак сімвалічны. Пяцьдзясят сем чалавек з імем Кастуся, адзіныя сярод дзясяткаў атрадаў імя Сталіна, Суворава, Аляксандра Неўскага і Калініна.

У фондах Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музею захоўваецца экспанат КП-26193 “Баявая характарыстыка Аляксея Нічыпаравіча Карпюка”, падпісаная намесьнікам камандзіра і камісарам брыгады імя Кастуся Каліноўскага. У ёй кароткі пералік баявых акцыяў з удзелам будучага пісьменьніка. Усяго сямнаццаць, з іх адзінаццаць у якасьці камандзіра атраду. Зацытую толькі некалькі эпізодаў:

“15 мая асабіста ўзарваў нямецкі эшалон каля паўстанку Крынкі. У выніку крушэння знішчаны паравоз і 14 вагонаў з харчаваньнем для нямецкай арміі. Рух на ўчастку спынены на 36 гадзінаў.

18 мая каля прыпынку Страшава быў спушчаны кур’ерскі цягнік праціўніка. У выніку крушэньня, зробленага тав. Карпюком быў знішчаны адзін паравоз, 8 кур’ерскіх вагонаў з салдатамі і афіцэрамі войскаў СС. Па дадзеных разведкі ўстаноўлена, что сярод афіцэраў войск СС загінула 4 важныя прадстаўнікі нямецкага ўраду, па трупы якіх з Берліну ў той самы дзень былі прысланыя самалёты.

10 чэрвеня пад непасрэдным камандаваньнем тав. Карпюка 14 партызанаў з яго атраду ажыццявілі налёт на чыгуначную станцыю Сакола, у выніку бою былі забітыя 3 немцы з чыгуначнай аховы, зьнішчаная ўся станцыённая аппаратура, стрэлкі. Станцыённы будынак быў спалены. У момант нападу на станцыю падышоў нямецкі эшалон з параненымі нямецкімі салдатамі і афіцэрамі. Па загаду тав. Карпюка, эшалон быў прыняты, стрэлачным рычагом спушчаны і абстраляны. У выніку абстрэлу і крушэньня быў знішчаны 1 паравоз і 8 класных вагонаў. Па няпоўных дадзеных было забіта і паранена 58 салдат і афіцэраў праціўніка.”

Гэтыя і іншыя засады, баі і сутычкі збольшага апісаныя ў “Пушчанскай адысеі” недзе кур’ёзна, недзе трагічна, але самае галоўнае, праўдзіва, без залішніх прэтэнзіяў на гераізм. Мабыць, менавіта па “Пушчанскай адысеі” было б варта вывучаць тую вайну нашым школьнікам» (Вашкевіч, А. «Больш за ўсё я люблю свабоду…» : гісторыя Аляксея Карпюка // Дзеяслоў. – 2007. – № 4. – С. 252–269).

Пасля вызвалення Беларусі Аляксей Карпюк атрымаў бронь ад вайсковай службы і накіраванне ў Гродзенскае раённы аддзел народнай адукацыі на працу. Аднак восенню 1944 г. адмовіўся ад вайсковай броні, і накіраваўся ў палкавую артылерыю.

З 1 лістапада 1944 г. браў удзел у баях супраць фашыстаў у складзе 756 стралковага палка 150 стралковай Iдрыцкай дывізіі 3-й ударнай арміі 1-га Беларускага фронту. Быў наводчыкам 76-міліметровай гарматы. Перажыў цяжкія баі ў Заходняй Польшчы і на Одэры, раненне, смерць сяброў, прадстаўленне да Героя Савецкага Саюза за бой з акружанай нямецкай групоўкай падчас Вісла-Одэрскай аперацыі, калі агнём сваёй гарматы знішчыў дзясяткі фашысцкіх салдат і некалькі самаходных гармат праціўніка.

Фота 7. На вайсковых зборах. А.Н.Карпюк справа.
Фота 8. Артылерыст Аляксей Карпюк (справа). Берлін, красавік 1945 года

Аляксей Карпюк змагаўся з ворагам сумленна, рызыкуючы жыццём. Падчас штурма Берліна 30 красавіка 1945 г. атрымаў цяжкае раненне лёгкіх, да канца лета 1945 г. знаходзіўся на лячэнні ў вайсковым шпіталі ў Познані. Некаторыя аскепкі былі дастаныя з яго лёгкага разам з яго часткай толькі ў канцы 40-х гг., калі па рэкамендацыі старшыні гродзенскага абкама партыі Сяргея Прытыцкага Карпюка паклалі ў шпіталь пры iнстытуце iмя Склiфасоўскага ў Маскве і правялі аперацыю.

А.Н.Карпюк быў двойчы паранены, але пасля апошняга ранення ў Берліне атрымаў інваліднасць ІІ групы.

Фота 9. Аляксей Карпюк пасля ранення ў шпіталі горада Познань, лета 1945 года.

Бацька атрымаў ліст ад камбата капітана Кучэрына Івана Пятровіча пра намеры прысвоіць Аляксею званне Героя Савецкага Саюзу, але А. Карпюк не мог займець такога звання і не займеў яго – для савецкай ўлады ён з’яўляўся прадстаўніком Заходняй Беларусі, які быў у канцлагеры.

А. Н. Карпюк быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнам Ачыннай вайны І і ІІ ступені, медалямі «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» І ступені, «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1041–1945 гг.», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна» і інш. Як адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на Беласточчыне атрымаў вышэйшую вайсковую ўзнагароду Польскай Народнай Рэспублікі – залаты крыж ордэна «Virtuti Militari».

Фота 10. Аляксей Карпюк (справа) у Берліне. Красавік 1945 года.

Свае меркаванні наконт Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Карпюк смела і прынцыпова выказаў у творы «Развітанне з ілюзіямі». Спасылаючыся на словы былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама Пятра Іванавіча Ратайкі, ён напісаў, што «22 чэрвеня 1941 года Гародню баранілі 64 зеніткі СПА. Снарадаў ім хапіла толькі на дзве гадзіны. Ужо з 6 гадзін раніцы "мессершміты", "штукасы" ды "юнкерсы" беспакарана лёталі над горадам на мінімальнай вышыні, ганяючыся нават за адзінкавымі людзьмі!». Карпюк прыйшоў да высновы, што краіна да вайны зусім не была падрыхтаваная, а перамога была заваяваная людскімі ахвярамі: «Фактычна вораг задыхнуўся – мы закідалі яго нашымі трупамі, страціўшы забітымі ў дзесяць разоў больш за праціўніка! …Адным словам, бяздарна мы правялі вайну. І ў гэтым вінавата ў першую чаргу савецкае кіраўніцтва». Менавіта такая прынцыповая і суворая ацэнка цаны перамогі супярэчыла афіцыйнайму пункту гледжання. У гэтым яскрава праявіліся і нетыповасць мыслення, і бескампраміснасць, і сумленнасць чалавека і грамадзяніна Аляксея Карпюка.

Фота 11. А. Карпюк з галоўнай узанагародай Польшчы – залатым крыжом ордэна « Virtuti Militari». Сустрэча двух камандзіраў беларускага і літоўскага партызанскіх атрадаў імя Кастуся Каліноўскага Аляксея Карпюка і Бронюса Урбановічуса

Пасляваеннае жыццё

Пасля вайны Аляксей Карпюк, маючы вялікую цягу да ведаў, працягнуў навучанне на факультэце замежных моваў Гродзенскага педагагічнага інстытута. З задавальненнем займаўся грамадскай работай – быў камсоргам, потым старшынёй прафкама, уступіў у КПСС (1947).

У 1947 годзе Аляксей Карпюк пазнаёміўся з будучай жонкай Інай Анатольеўнай Альшэўскай (Цыгельніцкай). Бацька яе Анатоль Адамавіч Альшэўскі ў 1937 годзе быў арыштаваны як сакратар ЦК польскай кампартыі, і невядома, загінуў у лагеры ці быў расстраляны як «вораг народа». Маці Фаіна Абрамаўна Цыгельніцкая разам з сябрамі кіравала гарадзенскім камуністычным падполлем, прасядзела сем год у польскіх турмах, потым працавала ў райкаме. Іна правяла дзяцінства ў дзіцячых дамах, шмат чаго перажыла і пабачыла.

Пазней Іна Анатольеўна ўспамінала: «Карпюк з сябрамі жыў у інстытуцкім інтэрнаце на Савецкай вуліцы, які месьціўся ў так званым доме Ромера. Іх пакой называлі “трыццаць пятым гвардзейскім”, бо жылі ў ім адныя франтавікі. Карпюк, старэйшы за мяне на некалькі курсаў і на цэлых дзевяць гадоў, быў вядомай асобай у інстытуце. Да яго, камсамольскага лідара, ішлі з самымі рознымі справамі студэнты, яго паважалі выкладчыкі, нярэдка таксама франтавікі...

Фота 12. Студэнты Аляксей Карпюк і Іна Альшэўская

Мы, студэнткі-першакурсьніцы, любілі рыхтавацца да семінараў і экзаменаў на Каложы, а ніжэй, пад гарою, у самых небяспечных нёманскіх вірах нярэдка купаліся хлопцы з “трыццаць пятага гвардзейскага”. Тады я першы раз убачыла спіну Аляксея, усю ў жудасных шнарах, без адзінага жывога месца і... закахалася ў яе.

Ён сам упершыню падышоў да мяне на вечарыне, прысьвечанай 8 сакавіка. Чаму выбраў мяне, дзевятнаццацігадовую дзяўчынку ў кірзавых ботах, ня ведаю. А як шмат было студэнтак, што нават у тыя гады прыходзілі на заняткі з завіўкай і ў самых модных сукенках. Ведаеце ў Горадні шмат было такога народу, які, здаецца, і вайна не кранула. Дзіўна. Дык вось, ён мяне пайшоў праводзіць дахаты на вуліцу Лермантава, старую Базыліянскую. Расказваў вершы (толькі гадоў праз дзесяць прызнаўся, што не свайго аўтарства). Пасьля закруціў і перакуліў у снег. Я нават думала пакрыўдзіцца: “Бач, ты, які сьмелы”. Даволі хутка мы пажаніліся».

У ліпені 1949 года Аляксей Нічыпаравіч Карпюк скончыў Гродзенскі педагагічны інстытут, атрымаўшы дыплом настаўніка англійскай мовы 8-10 класаў, ажаніўся з Інай Анатольеўнай.

У тым жа 1949 годзе А. Карпюка прызначылі загадчыкам аддзела народнай адукацыі Сапоцкінскага раёна. Сапоцкін – недалёкае ад Гародні мястэчка, але ў горад трэба было хадзіць пешшу (больш за дзве з паловай гадзіны). Мясцовыя жыхары, упартыя ў сваёй каталіцкасці, ставіліся да маладога настаўніка вельмі прыхільна. Пісьменнік напісаў пра той перыяд («Развітанне з ілюзіямі»): «Адразу я з галавой пагруз у стварэнні школ раёна. Было гэта складана. Раённы аддзел народнай асветы не меў ні адпаведных будынкаў, ні настаўнікаў, ні падручнікаў, ні пісьмовых прылад».

Аднойчы ў мястэчка прыехаў міністр бяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава. Цанава патрабаваў, каб незаможных сапоцкінцаў як найболей накіроўвалі ў Сібір, каб душылі кожную нават самую слабую спробу супраціўляцца закалгашванню. І для Карпюка, і для ўсіх савецкіх службоўцаў з Сапоцкіну пагроза была смяротная. Недачалавечая істота ў генеральскіх пагонах мела ўладу над людзьмі. Пазней Аляксей Нічыпаравіч ацаніў пасляваенную сітуацыю ў Заходняй Беларусі, як «неаб’яўленую грамадзянскую вайну».

Іна Анатольеўна ў 1950 годзе нарадзіла дачку Алену. Тут у Сапоцкіне характар праўдалюбца і неабыякавага чалавека не даў Аляксею Карпюку працаваць працяглы час. Ён выступіў на пленуме райкама партыі (1950) наконт прычын адставання калектывізацыі ў Сапоцкінскім раёне і цяжкага становішча сялян, за што старшыня райкама Яцкевіч абвінаваціў Карпюка ў «бухарынстве», а затым дабіўся яго звальнення як "непажаданага элемента" для памежнага раёна.

У 1951 годзе сям’я Карпюкоў пераехала ў Ваўкавыск (родная вёска Страшава тады ўваходзіла ў склад Ваўкавыскага раёна). Прычынаў для пераезду са Страшава было нямала: хвароба маці, спаленае бацькам адразу пасля вайны гумно, таму што ў ім быў фашысцкі назіральны пункт за чыгункай, дрэнная зямля для сельскай гаспадаркі. Нічыпару Аляксеевічу Карпюку, як партызану Вялікай Айчыннай вайны, прапанавалі працу дырэктара ваўкавыскага бытавога камбінату, і дом у Страшаве абмянялі на хату ў Вайкавыску.

Фота 13. Біскупіцкая сямігадовая школа падчас працы там дырэктарам Карпюка А., 1951-1953 гг.

Аляксей Нічыпаравіч стаў працаваць дырэктарам Біскупіцкай сямігадовай школы (1951–1953).

Фота 14. Вучні Біскупіцкай сямігадовай школы з дырэктарам А.Н.Карпюком (у цэнтры). 1951-53 гг.

Жыццё ў школцы «кіпела» на поўную моц. Будаўніцтва новай школы ўсклаў на свае плечы Аляксей Нічыпаравіч, і яна набыла сучасны выгляд. Адначасова з будаўніцтвам школы па ініцыятыве маладога дырэктара быў закладзены вялікі сад, які да гэтага часу дае добрыя ўраджаі яблык, груш і сліваў. А прышкольны ўчастак, які ранейшыя дырэктары выкарыстоўвалі як свой агарод, Аляксей Нічыпаравіч разам з вучнямі засеялі пшаніцай, каб мець сродкі з'ездзіць на экскурсію ў Белавежскую пушчу ўвосень.

Фота 15. Калектыў Біскупіцкай школы з дырэктарам А.Н.Карпюком. 1953 год.

У Біскупцах мясцовыя камуністы абралі Аляксея Карпюка сакратаром калгаснай партыйнай арганізацыі. Як ён пазней напісаў у творы «Мая Джамалунгма», «...займаўся калгаснымі справамі, наводзіў парадкі ў школе, будаваў новую. ...На жаль, ярлык «бухарынца» прыехаў са мной у Біскупцы. Я з жахам заўважыў: што б карыснае я не зрабіў, некаторыя людзі нечакана паварочвалі справу так, што яна паўставала супраць мяне самаго». Вядома, што няўрымслівы Аляксей Карпюк з абвостраным пачуццём справядлівасці быў у канфлікце з мясцовым кіраўніцтвам, бо абараняў калгаснікаў ад бюракратыі і недарэчнасцяў, звяртаўся з лістом у ЦК КПБ, у якім паказваў да якога абсурду даходзіць сляпое выкананне ўстаноўкі «Першы хлеб дзяржаве!», калі калгаснікі ў ажыятажы датэрміновай здачы збожжа большасць пасеваў забываліся на полі і пакідалі зімаваць.

У 1953 годзе скончылася будаўніцтва новай школы, неўзабаве ў сям’і Карпюкоў нарадзіўся сын Іван.

Бацькоўскія клопаты адбіралі многа часу. Але, нягледзячы на грамадскую работу, на актыўнасць жыццёвай пазіцыі, у Біскупцах вызваліўся час для іншых спраў. Яшчэ ў Сапоцкіне Карпюк пачаў сур’ёзна задумвацца наконт далейшага жыцця: «Перспектыва настаўніка англійскай мовы не вабіла. Раптам зарадзілася дзёрзкая думка – давай напішу кніжку, пра ўсё што бачыў і перажыў…» (Карпюк А. Мая Джамалунгма).

Фота 16. Сям’я разам: мама, тата, дзеці.
Фота 17. Аляксей Карпюк – загадчык Сапоцкінскага раённага аддзела народнай адукацыі Гродзенскага раёна. 1949 год.
Фота 18. Дырэктар Біскупіцкай школы А. Н. Карпюк з вучнямі. 1952 год.

Гарадзенскі перыяд

А. Карпюк разам з сям’ёй вярнуўся ў Гродзенскі педагагічны інстытут на кафедру педагогікі і працаваў лабарантам ў 1953–1955 гадах. Стаў членам Саюза пісьменнікаў СССР (1953). Некалькі гадоў (1954–1957) працаваў у рэдакцыі абласной газеты «Гродзенская праўда» і ўласным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва» (канец 1957 года).

Фота 19. Аляксей Карпюк – супрацоўнік Гродзенскага педагагічнага інстытута. 1953–1955 гг.
Фота 20. Аляксей Карпюк і Янка Брыль

Літаратурную працу Аляксей Карпюк пачаў з побытавых замалёвак, празаічных мініяцюр, змест якіх падказвала жыццё. У друку дэбютаваў у 1953 годзе аповесцю «У адным інстытуце» (была надрукавана ў майскім нумары часопіса "Полымя"). Штуршок для напісання твора надаў Янка Брыль, з якім Аляксей Нічыпаравіч быў знаёмы. Іх пазнаёміў Уладзімір Калеснік – разам з Янкам Брылём, вандруючы па Гарадзеншчыне, яны заехалі на веласіпедах да Карпюка ў Біскупцы. Пра знаёмства з Янкам Брылём Аляксей Карпюк пісаў: «Янка Брыль, як некалі Вайцяхоўскі, даваў штуршок майму ўяўленню, стаў эталонам, на які трэба раўняцца, у каго вучыцца, і быў тым, хто ў мяне паверыў, шчыра і бескарысна памог» (Карпюк, А. Чацвёртае вымярэнне // Карпюк А. Развітанне з ілюзіямі. – Гародня-Wroclaw, 2008. – С. 5–27.).

У аповесці «У адным інстытуце» – уражанні ад працы на кафедры педегогікі сваёй almamater. Як адзначаў А. І. Фядута, «аповесць прайшла не тое каб незаўважнай – але падзеяй не стала. І стаць не магла. Такіх аповесцяў у савецкую эпоху з’яўлялася безліч».(Фядута А. У змаганні за праўду: прадмова // Карпюк А. Выбраныя творы. – Міснк, 2007)

У 1958–1959 гадах з’явілася аповесць «Данута». Упершыню была апублікаваная ў часопісе «Полымя» у 1959 годзе (№№7, 8, 9), але па іншых звестках, пад назвай «У маладыя гады» была надрукавана ў 1958 годзе ў гарадзенскім альманаху «Нёман». Першае кніжнае выданне адбылося ў 1960 годзе. Гэты твор пісьменнік, паводле яго ўласнага прызнання, перапісваў больш за трыццаць разоў. Па меркаванні А. І. Фядуты і многіх іншых літаратуразнаўцаў, гэта "лепшы празаічны твор пра каханне, напісаны па-беларуску. І хіба толькі «Альпійская балада» Васіля Быкава вартая параўнацца з ім".

У 1961 А. Н. Карпюк скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імя Максаіма Горкага ў Маскве (1959–1961). У 1961–1964 гг. — загадчык агенцтва «Інтурыст» (Гродна). У гэты час А. Н. Карпюк стаў бацькам траіх дзяцей – дачка Валянціна нарадзілася ў 1962 годзе.

З 1970 года – упаўнаважаны Усесаюзнага агенцтва па аўтарскіх правах па Гродзенскай і Брэсцкай вобласцях.

У 1965–1972 і 1978–1992 гг. — сакратар Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Па ўспамінах Дануты Бічэль, калі ў 1972–1978 гадах сакратаром аддзялення быў абраны Васіль Быкаў, то "кіраваў ім усё роўна Аляксей Карпюк, бо Васіль Быкаў быў вельмі заняты творчасцю, і часта, калі ставіліся спектаклі ці здымалася кіно па яго творах у тэатрах і на кінастудыях, ён знаходзіўся па-за межамі Гарадзеншчыны". (Бічэль, Д. «Сэрца людское яднаецца з сэрцам сусвету…» // Карпюк А. Развітанне з ілюзіямі. – Гародня-Wroclaw, 2008. – С. 5–27.)

Час, калі А. Н. Карпюк узначальваў гродзенскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў, быў найлепшым для пісьменніцкай арганізацыі, па ўспамінах яе членаў. У яе напачатку ўваходзілі Данута Бічэль-Загнетава, Васіль Быкаў, Аляксей Пяткевіч, Юрка Голуб.

Фота 21. Пісьменнікі (злева-направа) Данута Бічэль, Аляксей Карпюк, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў пасля выступу ў Зэльвенскай санаторна-лясной школе. 1963 год.

Напрыканцы 1960-х у Гродна ўзнікае своеасаблівы вольнадумскі трохкутнік – пісьменнікі Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк і доктар навук Барыс Клейн. «Гарадзенская тройка» не займалася арганізацыяй антыўрадавых пікетаў. Як выказвалася Іна Карпюк, «хто б дазволіў ў тыя часы нейкія гурткі? Проста тры мужчыны збіраліся і размаўлялі…».

Фота 22. Паэт Д. Бічэль-Загнетава чытае свае вершы празаікам В. Быкаву і А. Карпюку. Гродна, 15 верасня 1962 г. БелТКС (Дом прэсы).

У розны час з А. Н. Карпюком падтрымлівалі сувязі пісьменнікі Данута Бічэль, Вольга Іпатава, Рыгор Барадулін, Уладзімір Калеснік, Уладзімір Бутрамееў, Андрэй Макаёнак, Янка Брыль, Алесь Адамовіч, Максім Танк, Міхась Васілёк, ён ліставаўся з Аляксандрам Салжаніцыным, Ленартам Мэры, Віктарам Астаф’евым, Юрыем Алешам, Міхасём Забэйда-Суміцкім і іншымі дзеячамі літаратуры і культуры, падтрымліваў і заахвочваў на ўступленне ў Саюз пісьменнікаў Ларысу Геніюш, якая пасля вызвалення з лагера жыла ў Зэльве.

Аляксей Карпюк ніколі не хаваў свае перакананні. Яго выступ на V з’ездзе Саюза пісьменнікаў БССР 13 траўня 1966 года быў рэзка крытычным у адносінах да літаратурных нораваў, рэалій савецкага жыцця, ён крытыкаваў і кампартыю, і КДБ, заступаўся за Васіля Быкава, твор якога «Мёртвым не баліць» падпаў пад рэзкую партыйную крытыку. Такія выступы патрабавалі мужнасці – Аляксей Карпюк ня меў заступнікаў і падтрымкі ў Маскве і цалкам знаходзіўся ў руках мясцовай улады. У кнізе «На крыжах» (1992) нашмат пазней Васіль Быкаў напісаў: «…у такіх абставінах я не цешыў сябе надзеяй на чыё-небудзь заступнічаства. Але Аляксей Карпюк заступіўся».

Фота 23. Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік, Аляксей Карпюк. Фота Яўгена Коктыша.
Фота 24. Аляксей Карпюк і Васіль Быкаў. Мінск, 30.05.1960. Фота У. Крука.
Фота 25. Аляксей Карпюк і Васіль Быкаў. Фота Яўгена Коктыша.
Фота 26. На беразе Нёмана пісьменнікі Аляксей Карпюк і Васіль Быкаў з жонкамі.
Фота 27. Кніга ў падарунак ад сябра Васіля Быкава з аўтографам. 12.11.1964
Фота 28. П. Броўка (у цэнтры) сярод літаратараў (злева направа: В. Быкаў, А. Карпюк, С. Грахоўскі, Д. Бічэль-Загнетава). Гродна, 1965 г. Рэдакцыя газеты "Гродзенская праўда" (Я. Краўчанка).
Фота 29. Злева направа: Аляксей Карпюк, Міхась Петрыкевіч, Янка Брыль, Яўген Крамко, Пётр Мах (укр. пісьменнік з Луцка). 1982 год.

Пасля выступу на партыйным з’ездзе Карпюк аказаўся «персонай нон грата», пачалося калупанне ў яго акупацыйнай біяграфіі – былі пастаўлены пад сумненні перыяды канцлагера Штутгоф і партызанкага атрада імя Кастуся Каліноўскага.

20 чэрвеня 1969 старшыня КДБ СССР Ю. Андропаў накіраваў у ЦК КПСС сакрэтны ліст, дзе гаварылася: «Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі мае дадзеныя аб палітычна хворых настроях беларускіх пісьменнікаў – членаў КПСС Карпюка і Быкава ... Карпюк нелегальна распаўсюджвае сярод сваіх знаёмых розныя пасквілі ў выглядзе кнігі Аксёнавай-Гінзбург (“Круты маршрут” і іншыя). Адмоўна ўздзейнічае на моладзь...». Было вырашана прыняць «спецыяльныя меры» і нейтралізаваць кожнага ўдзельніка «гарадзенскага трохкутніка» паасобку.

Барыса Клейна пазбавілі кандыдацкай ступені, звольнілі з універсітэту, ён вымушаны быў працаваць юрысконсультам на базе гародніны. Быкава крытыкавалі за «фальсіфікацыю гісторыі вайны». Вельмі апантана ўзяліся за Аляксея Карпюка. Па меркаванні многіх даследчыкаў біяграфіі Аляксея Карпюка, прычына ў тым, што ідэйны камуніст, які крытыкуе ўладу – гэта больш сур’ёзны за антысаветчыка вораг гэтай улады.

Але ёсць глыбокія і гістарычна абгрунтаваныя тлумачэнні ад Барыса Клейна. Ён напісаў: «Мне здаецца, у цяперашніх гісторыкаў некалькі "змазваецца" кантэкст той эпохі, без чаго і нашы дзеянні губляюць асноўны сэнс. Сярэдзіна 1960-х – пачатак палітычнага рэваншу сталінізму ў СССР. З усёй Беларусі толькі нашай групай у Гродне гэта цемрашальства было адкрыта апратэставана. Канкрэтна гаворка ідзе пра аповесць В.Быкава "Мёртвым не баліць", з яе міжнародным рэзанансам, пра прамову А.Карпюка на З'ездзе беларускіх пісьменнікаў. І аб маім закліку змагацца са сталінізмам на лекцыях у ВНУ і гутарках з людзьмі. З цягам часу "варожасць" нашай групы ўспрымалася ўладамі больш сур'ёзна з-за блізкасці яе прычынаў да ачагоў хваляванняў у Польшчы і Чэхаславакіі. Логіка падзей прывяла нас да асуджэння савецкага ўварвання ў Чэхаславакію ў жніўні 1968 года. Памятаю, што з гэтага моманту намі авалодала адчуванне, што ў савецкай улады няма больш будучыні, а яе крах – толькі пытанне часу. Жахала прадчуванне расплаты народа за правалы Крамля. А паколькі мы гэтыя думкі не асабліва хавалі, рушыла ўслед хваля рэпрэсій. Іх спецыфіка заключалася ў тым, каб крывадушна затушаваць перад Захадам іншадумства вядомых беларускіх пісьменнікаў, і поўнасцю "перакрыць кісларод" мне». (З электроннага ліставання Барыса Клейна з укладальнікам Біяграфіі Наталляй Свірыдай, ліст ад 17.04.2020)

У красавіку 1971 года першаму сакратару Гродзенскага абкама партыі Івану Мікуловічу прыйшоў ліст з УКДБ па Гарадзеншчыне з даведкай на Карпюка на 53-х старонках. З дакумента вынікала, што Карпюк у 1965-м нібыта скраў з архіву дакументы пра сваю дзейнасць у 1930-х, а партызанскае мінулае яго – гэта выдумкі, і ў Штутгафе ён не быў звычайным вязнем, а служыў фашыстам.

21 красавіка 1972 г. бюро Гарадзенскага абкама КПБ выключыла Аляксея Карпюка з партыі па абвінавачванні ў нацыяналізме, супрацоўніцтве з немцамі ў канцэнтрацыйным лагеры, сакрыцці сацыяльнага паходжання. Супраць Карпюка была напоўніцу выкарыстана цынічная фальсіфікацыя – звычайнае пакаранне, якое выкарыстоўвала савецкая ўлада для барацьбы з іншадумцамі.

Цкаванне и ціск агулам доўжылася амаль тры гады. Выключэнне з партыі і страта працы балюча ўдарылі па сям’і Карпюкоў, у якой было трое дзяцей. Аляксей Нічыпаравіч не мог нідзе ўладкавацца на працу. Па словах вядомага архівіста Віталя Скалабана, з архіўнных дакументаў «справы Карпюка» бачна, як «улада ламала моцнага і дужага чалавека, змушаючы яго гуляць па сваіх правілах, бо партыя не магла памыляцца».

А. Н. Карпюку ўдалося прарвацца на размову да першага сакратара ЦК КПБ П. М. Машэрава, былога партызана. Існуе меркаванне, што менавіта пасля яго ўмяшання хваля цкавання пачала спадаць, і ў красавіку 1973 года Карпюку далі вымову і аднавілі ў партыі, вярнуўшы партыйны білет.

У 1977–1981 гг. для А. Карпюка настаў новы этап у жыцці – ён быў прызначаны дырэктарам Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гродна. На гэтай пасадзе ён сустракаўся з мітрапалітам Філарэтам, спрыяў перадачы Каложскага храма праваслаўнай царкве ў канцы 1980-х гг., нават планаваў стварыць музей Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), да якой належыў яго бацька.

Аляксея Карпюка дагэтуль узгадваюць як найлепшага кіраўніка музею, які выбіваў грошы на рэканструкцыю будынка былога базыльянскага кляштара, а таксама спрыяў стварэнню добрага мікраклімату ў калектыве. За гэты час, як успамінае навуковы супрацоўнік музею Людміла Русецкая, «у музей паступіла больш за 6 тысяч экспанатаў, былі закладзены асновы ўсіх сённяшніх калекцый. Гэта і абразы, і старажытныя вырабы з тканіны, металу, дрэва, і старадрукі... Іх знаходзілі падчас пошукавых экспедыцый у розных рэгіёнах Беларусі, набывалі ў прыватных калекцыянераў, яшчэ пры Карпюку зарадзілася і традыцыя перадачы музею культавых прадметаў, што затрымліваюцца мытнікамі на мяжы. Найбольшую цікавасць з усіх экспанатаў, якімі папоўніўся музей падчас дырэктарства Аляксея Карпюка, выклікае так званы акваманіл (вадаліў) пачатку XІІІ стагоддзя — сярэдневяковы посуд для вады. Першапачаткова ён (у выглядзе фігуры чалавека альбо жывёлы) служыў для абмывання рук святара падчас набажэнства. А пазней ператварыўся ў прадмет паўсядзённага бытавога ўжытку на землях усходніх славян. Ён трапіў у музей дзякуючы Аляксею Карпюку. Былі дакументы, якія сведчылі пра тое, што гэты бронзавы вадаліў першапачаткова знаходзіўся ў нашай Барысаглебскай (Каложскай) царкве, а потым пасля розных перыпетый апынуўся ў адным з музеяў Вільнюса. І Аляксею Нічыпаравічу ўдалося вярнуць адтуль гэты рарытэт у Гродна. Мяркую, што калі б Карпюк набыў толькі яго і больш нічога, то ўжо ўвайшоў бы ў гісторыю музея». (Пракопчык, Б. Вяртанне старажытнага вадаліва // Газета “Звязда”: сайт. – 02.04.2015)

Фота 30. Пісьменнікі у Доміку Элізы Ажэшкі – (злева-направа) Данута Бічэль, Казімір Камейша, Крысціна Лялько, Янка Брыль, Юрка Голуб, Аляксей Карпюк. 1985 г.

Удругой палове 80-х Аляксей Карпюк актыўна ўдзельнічаў ў грамадскім жыцці Гродна – быў сярод актывістаў Беларускага народнага фронту, адным з заснавальнікаў згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», сябрам гарадзенскага клуба вольнадумнай інтэлігенцыі «Паходня».

У 1980 годзе атрымаў званне заслужанага работніка культуры БССР. За кнігу прозы «Сучасны канфлікт» у 1986 г. узнагароджаны літаратурнай прэміяй Саюза пiсьменнiкаў БССР імя Івана Мележа.

Фота 31. Выступ А.Карпюка на пасяджэнні гарадзенскага клуба “Паходня”. 1986-87 гг. Фота з архіву Алеся Госцева.
Фота 32. Аляксей Карпюк і Уладзімір Бутрамееў. Каля Слонімскага дома культуры. 1987 год.

У 1989 годзе зноў пачаўся пераслед пісьменніка. А. Карпюк апублікаваў артыкул «Сумныя былі» са сваёй прынцыповай, далёкай ад афіцыйнай ацэнкай падзеяў верасня 1939 года і калектывізацыі. Бюро Гродзенскага абкаму КПБ у адказ на так званы "праведны" зварот “франтавікоў-ветэранаў” і пасля працы спецыяльнай камісіі, якая разбіралася ў чарговай "справе Карпюка", прыняло спецыяльную пастанову пра "пазіцыю пісьменніка", дзе сцвярджалася: «Карпюком суб’ектыўна, аднабакова паказана вызваленчая місія Чырвонай Арміі ў верасні 1939 года, па-свойму трактуецца стаўленне жыхароў да воінаў і ход калектывізацыі ў 40-50-я гады».

Фота 33. Выступленне на мітынгу пасля атрымання Рэспублікай Беларусь незалежнасці (1991)

Ужо на зыходзе камуністычнага безумоўнага кіравання партыі А. Карпюк стаў аб’ектам нападак у часопісе «Политический собеседник» (1990, № 10), дзе ў артыкуле «Ісціна даражэй за ўсё» за подпісам палкоўніка ў адстаўцы Якава Ледзянёва ён звінавачваўся ў двурушніцтве. Карпюк падаў у суд на аўтара артыкула і 2 красавіка 1991 г. выйграў працэс. Вярхоўны суд БССР 12 ліпеня 1991 г. пацвердзіў асноўныя пункты судовага выраку. Цені КДБ стаялі за аўтарам публікацыі, змест якой быў аспрэчаны судом. А колькі нерваў і сіл каштавала гэта чарговая непатрэбная "барацьба" пісьменніку!

5 красавіка 1991 г. Карпюк выйшаў з КПСС, матывуючы паступак так: «... разуверыўся у прынцыпах марксізма-ленінізма ды прыйшоў да высновы, што ідэі яго ўтапічныя», але партыйны білет пакінуў сабе «на памяць аб летуценнях сваёй маладосці» (з заявы камуніста з 1947 года Карпюка А.Н.). Пазней Аляксей Нічыпаравіч напісаў: «Прачнуўся, дзякуй Богу, і зразумеў, што я аб'ект непрыстойнай гульні ў руках людзей, якія вадзілі мяне дзесяцігоддзямі за нос і спекулявалі на маёй наіўнай веры, як на веры мільёнаў такіх самых. Хопіць кіснуць у якойсьці калдобіне! КПСС – носьбіт чужой мне маралі...»(Карпюк А. Развітанне з ілюзіямі).

Падчас перабудовы і галоснасці патэнцыял А. Карпюка як грамадскага дзеяча праявіўся напоўніцу. Ён стаяў ля вытокаў усіх значных грамадскіх ініцыятываў на Гарадзеншчыне – дапамагаў у стварэнні грамадскай арганізацыі палякаў у Беларусі і з’яўленні школ з польскай мовай навучання, садзейнічаў утварэнню грамадскага аб’яднання габрэяў і атрыманню імі памяшкання па вуліцы Багдановіча, арганізацыі суполак нацыянальных меньшасцяў літоўцаў, татараў.

Гісторык Андрэй Вашкевіч адзначае: «[Карпюк] працягваў для многіх гарадзенцаў заставацца ўзорам прынцыповасці. Недзе ў 1986-м прыйшоў у кабінет да Кляцкова і сказаў яму: “Калі будзеце нішчыць архіў, то ведайце – я буду сядзець там унутры”. Будынак гістарычнага архіву збіраліся разбурыць, каб зрабіць плошчу Леніна больш прасторнай. Архіў і сёння ўпрыгожвае Горадню, замыкаючы цудоўны архітэктурны комплекс плошчы Тызенгаўза» (Вашкевіч, А. «Больш за ўсё я люблю свабоду…» : гісторыя Аляксея Карпюка // Дзеяслоў. – 2007. – № 4. – С. 252–269).

Фота 34. Аляксей Нічыпаравіч і Іна Анатольеўна Карпюкі з унукамі. 1988 г.

Як сцвярджае Данута Бічэль, А. Карпюк адыграў вялікую ролю ў з’яўленні музея Максіма Багдановіча ў Гродна, бо па яго ініцыятыве спачатку была ўсталявана мемарыяльная дошка на доміку па вуліцы Багдановіча, а потым ён хадайнічаў аб выдзяленні штатнай адзінкі для музею, на якую была прызначана Данута Бічэль. А калі А. Карпюк ездзіў у Яраслаўль па сваіх пісьменніцкіх справах, то знайшоў сваякоў Максіма Багдановіча, якія паказалі яму сямейны куфар з рэчамі і дакументамі паэта і яго бацькі. Аляксей Карпюк прывёз у Гродна для музея Максіма Багдановіча з гэтага куфра ўнікальныя экспанаты – яны і цяпер з’яўляюцца рарытэтамі музею. (Бічэль, Д. Сэрца людское яднаецца з сэрцам сусвету...» // Карпюк, А. Развітанне з ілюзіямі. – 2008. – С. 5–27.)

«Аляксей Карпюк як пісьменнік і грамадзянін ішоў у ліку прадвеснікаў дэмакратычнага і гуманістычнага абнаўлення грамадства...», – адзначаў Уладзімір Калеснік (Калеснік, У. Плён творчасці – дослед жыцця // Карпюк А. Выбраныя творы : у 2 т. – Мінск, 1991. – Т. 1). Улетку 1989 года пасля з’езда БНФ у Вільні Аляксей Карпюк выступаў з заключным словам на першым інфармацыйным мітынгу БНФ «Адраджэнне» на стадыёне ў Гародні перад тысячамі людзей. Гэтага яму не даравалі. Зімой 1990 года ён не быў дапушчаны да выбараў у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР – сход аддзялення Саюза пісьменнікаў па вылучэнні кандыдатам Карпюка А. Н. прызналі несапраўдным.

Фота 35. Гарадзенскі патрыярх.
Фота 36. Уладзімір Бутрамееў, Алесь Пісьмянкоў, Ігар Жук, Генадзь Шупенька і Аляксей-Карпюк. 1991 г.

Аляксей Карпюк ня ўпісваўся ў фармат эпохі – на кожнай пасадзе вызначаўся няўрымслівай ініцыятыўнасцю, абвостраным пачуццём справядлівасці, катэгарычнасцю і нежаданнем прыстасоўвацца да нечых меркаванняў, праўдашукальніцтвам, таму быў не даспадобы бюракратам і чыноўнікам розных узроўняў. Але было ў пісьменніка тое, што выклікае павагу і захапленне – мужнасць, сумленне, неабыякавасць да хлусні, вернасць уласным ідэалам і прынцыпам. Таму цярпеў усё жыццё пераслед і здзек, вымушаны быў пастаянна змагацца – даказваць факты сваёй біяграфіі, пераконваць баязлівых прыстасаванцаў улады ў неабходнасці прымянення прынцыпаў здаровага сэнсу і справядлівасці. Зразумела, што гэта адымала сілы, пагаршала здароўе.

Аляксей Карпюк цяжка захварэў. Працягваў працаваць – дапісваў успаміны, рабіў нататкі ў запісных кніжках, спадзяваўся на рэалізацыю сваіх задум. Пры ім была яго сям’я, якая імкнулася прыняць на сябе частку яго болю. У змаганні з хваробай нічога не дапамагло.

А. Н. Карпюк памёр 14 ліпеня 1992 года. Ушанаванне перад праводзінамі ў апошні шлях адбывалася ў будынку Гродзенскага універсітэта. Пахаваны Аляксей Карпюк у Гродне на могілках па праспекце Касманаўтаў.

Фота 37. Развітанне з пісьменнікам А.Карпюком. Выступае намеснік старшыні гарвыканкама (1990-1996) Аляксандр Мілінкевіч. Гродзенскі ўніверсітэт. 1992 год.
Фота 38. Пахаванне пісьменніка А.Карпюка. Гродзенскі ўніверсітэт. 1992 год.

Сям’я

Фота 39. Іна Анатольеўна Карпюк каля надмагільнага помніка мужу

Іна Анатольеўна Карпюк (1929–2008), як верная сябоўка і жонка, усё жыццё падтрымлівала мужа, нават у самыя складаныя і небяспечныя моманты жыцця. І гэта таксама надавала жыццёвыя сілы. Дацэнт кафедры педагогікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (1979), кандыдат педагагічных навук (1975), яна аддала педагагічнай працы больш за 50 гадоў жыцця, з іх больш за 30 гадоў – Гродзенскаму педагагічнаму інстытуту, затым дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы (з 1974).

Фота 40. Брат пісьменніка – ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Нічыпаравіч Карпюк (1922–2009)

Брат пісьменніка – ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Нічыпаравіч Карпюк (1922–2009), зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё энергетыкі Гродзеншчыны, працаваў дырэктарам Гродзенскай ТЭЦ-2 (1966–1983). Яму ўсталяваная мемарыяльная дошка ў 2013 годзе на будынку Гродзенскай ТЭЦ-2 «Гроднаэнерга» па Скідзельскай шашы. Падрабязна пра яго можна даведацца на старонцы рэсурса Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка «Манументальная памяць горада Гродна» – http://persony.grodno.by/memory/?page=people&item=134

Фота 41. Старэйшая дачка А.Н.Карпюка Сівакова Алена Аляксееўна, ветэран працы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі

Пра нашчадкаў Аляксея Карпюка маюцца такія звесткі: дачка Сівакова Алена Аляксееўна (нар. у 1950 г.) – ветэран працы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (2007), узнагароджана медалём Францыска Скарыны (2010); дачка Карпюк Валянціна Аляексееўна (нар. у 1962 г.) – дэкан (2006–2010), загадчык кафедры псіхіатрыі і наркалогіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (з 2002), кандыдат медыцынскіх навук; сын Карпюк Іван Аляксеевіч (нар. у 1953 г.?) – з адзнакай скончыў Маскоўскі інжынерна-фізічны інстытут, фізік-даследчык.

Фота 42. Малодшая дачка Карпюк Валянціна Аляксееўна, к.м.н., заг.кафедры псхіатрыі і наркалогіі ГрДМУ

Памяць

Фота 43. Мемарыяльная дошка Аляксею Карпюку ў Гродна, усталявана ў 2019 годзе

Памяць пра свайго былога дырэктара ўшаноўваў калектыў настаўнікаў і вучняў Біскупіцкай базавай школы, стварыўшы ў 2005 годзе літаратурна-краязнаўчы музейны пакой, асноўныя фонды якога прысвячаліся жыццю і творчасці настаўніка і пісьменніка, выдатнага сябра і чалавека. Музейны пакой дзейнічаў пэўны час, пакуль працавала школа.

У школьным музеі СШ №35 г. Гродна адна з экспазіцый расказвае пра Аляксея Нічыпаравіча Карпюка, пра яго расказваюць часткі экспазіцый Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея і Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея. А ў музеі гісторыі рэдакцыі газеты "Гродзенская праўда" ёсць экспазіцыя памяці Аляксея Карпюка, дзе захоўваюцца яго кнігі, дакументы, рэдкія фота, асабістыя рэчы.

Фота 44. Экспазіцыя Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея

Імя Аляксея Карпюка было прысвоена вуліцы Гродна ў новым мікрараёне Забалаць у 2014 годзе.

Мемарыяльная дошка Аляксею Карпюку ўсталявана ў горадзе Гродна 15 красавіка 2019 года на доме № 49 па вуліцы Элізы Ажэшка. Аўтар – скульптар Уладзімір Панцялееў. Тэкст на дошцы: «У гэтым доме з 1962 па 1976 год жыў і працаваў беларускі пісьменнік, франтавік і грамадскі дзеяч Аляксей Карпюк».

Матэрыялы пра братоў пісьменніка Аляксея Карпюка і ганаровага энергетыка краіны Уладзіміра Карпюка ўключаны ў электронны рэсурс Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А.Макаёнка «Манументальная памяць горада Гродна», прысвечаны асобам і падзеям, у гонар якіх усталяваны помнікі і мемарыяльныя дошкі (http://persony.grodno.by/memory/?page=people&item=133).

Фота 45. Бюст А. Н. Карпюка. Аўтар Чола Кукуладзе

Па словах скульптара Уладзіміра Церабуна, Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей захоўвае ў сваіх фондах бюст Аляксея Нічыпаравіча Карпюка з гіпсу (але аўтар там не пазначаны). А работа выканана вядомым жывапісцам, мастаком-графікам, скульптарам, ілюстратарам, членам Саюза мастакоў СССР, заслужаным мастаком Грузінскай ССР, старшынёй Саюза мастакоў Абхазіі Чола Уладзіміравічам Кукуладзе (1921 года нараджэння, г. Сухумі). Чола Кукуладзе таксама меў партызанскае мінулае, ён ваяваў у партызанскім атрадзе імя Шчорса на тэрыторыі Расонскага раёна Віцебскай вобласці, якім камандаваў Пётр Машэраў, таму асноўнай тэмай яго жывапісных работ была жудасная карціна вайны. Чола Кукуладзе быў знаёмы з Аляксеем Карпюком (пра яго ўзгадвае Аляксей Нічыпаравіч у «Запісках дырэктара музея», апісваючы карціну Кукуладзе, якую аўтар адправіў у музей з горада Сухумі), і ў адзін з прыездаў у Беларусь (магчыма, калі выставы яго работ дэманстраваліся ў Мінску) зрабіў гэтую скульптурную работу. Вядома, што яна захоўвалася спачатку ў калекцыі гродзенскага мастака Аляксандра Ліпеня, а затым была перададзена ў музей.

Песню, прысвечаную Аляксею Карпюку напісаў вядомы гродзенскі кампазітар і педагог Яўген Петрашэвіч, свае вершы яму прысвяцілі паэты Данута Бічэль, Юрка Голуб, Віктар Кудлачоў.

13 красавіка 2000 года ў гарадскім доме культуры па вуліцы Дзяржынскага, 1 праводзілася вечарына памяці з нагоды 80-годдзя Аляксея Карпюка «Быць карысным людзям». Ініцыяваная імпрэза была Гродзенскім гарвыканкамам (намеснікам старшыні Я.М.Жабруном). Рыхтавала вечарыну Гродзенская гарадская цэнтральная бібліятэка імя А. Макаёнка пад кіраўніцтвам аддзела культуры гарвыканкама. Каб напісаць сцэнар вечарыны і арганізаваць удзел грамадскасці ў ёй, загадчыку аддзела гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А.Макаёнка Свірыда Н. Р. давялося некалькі разоў сустракацца з жонкай пісьменніка Інай Анатольеўнай на кватэры па вуліцы Каліноўскага. Сцэнар вечарыны захаваўся ў бібліятэцы. На яе былі запрошаны сваякі пісьменніка, навукоўцы, пісьменнікі, дзеячы культуры і мастацтваў. Зала была поўная. Сярод выступоўцаў былі: намеснік старшыні гарвыканкама Жабрун Я. М., літаратуразнаўцы, прафесары Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Пяткевіч А. М., Жук І. В., Мусіенка С. П., паэты Кудлачоў В. С. і Шаўчонак М.С., мастак Церабун У. В., кампазітар Петрашэвіч Я. К. Вечарыну наведалі родныя і блізкія пісьменніка: брат Уладзімір Нічыпаравіч Карпюк, жонка Іна Анатольеўна Карпюк, дочкі Алена Аляксееўна Сівакова з мужам, Валянціна Аляксееўна Карпюк з мужам, сын Карпюк Іван Аляксеевіч з жонкай, а таксама ўнукі пісьменніка – школьнікі. Музычныя нумары прадставіла на вечарыне Гродзенская гарадская капэла.

Фота 46. Вечарына да 80-годдзя Аляксея Карпюка “Быць карысным людзям” у ГДК 13.04.2000. Выступаюць брат пісьменніка Уладзімір Нічыпаравіч Карпюк, жонка Іна Анатольеўна Карпюк. Выступае прафесар Пяткевіч А. М. За ім – хор Гродзенскай капэлы.
Фота 47. Сустрэча І.А.Карпюк з вучнямі і настаўнікамі у СШ да 85-годдзя мужа. Справа – заг. аддзела краязнаўства Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага Турмасава Л.І.
Фота 48. 13.04.2000 г., на вечарыне да 80-х угодкаў Аляксея Карпюка выступае Ніна Ляшчонак, у першым раду сваякі Карпюка. Фота Мікалая Таранды

Хроніка падзей жыцця