Зала 1. Галоўная
Беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч, член Саюза пісьменнікаў СССР (1953), сакратар Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР (1965–1972; 1978–1992), заслужаны работнік культуры БССР (1980), лаўрэат літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў БССР імя Івана Мележа (1986), удзельнік партызанскага руху і баявых дзеянняў у Вялікую Айчынную вайну.
Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны І і II ступеняў, медалямі «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» І ступені, «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», залатым крыжам ордэна «Virtuti Militari» (Польшча).
Імя А. Н. Карпюка прысвоена вуліцы ў горадзе Гродна (2014). На доме, дзе жыў пісьменнік, усталяваная мемарыяльная дошка (2019, вул. Ажэшкі, 49, скульптар Панцялееў У. І.).
А. Н. Карпюк
Электронны музей жыцця і творчасці створаны ў гонар беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча Аляксея Нічыпаравіча Карпюка. Імя празаіка Аляксея Карпюка назаўжды ўпісана ў беларускую літаратуру, вобраз яго – у сэрцах многіх беларусаў, хто меў шчасце ведаць яго асабіста, атрымаў задавальненне ад яго творчасці
Гэта даніна памяці выбітнай асобе ў прасторы Беларусі, якая зрабіла Гарадзеншчыну сваёй літаратурнай картай, а Гродна – горадам барацьбы за справядлівасць і праўду, месцам рэалізацыі значных для грамадства спраў.
Брукваныя вуліцы старой Гародні быццам увабралі ў сябе крокі гэтага мужнага і непераможнага чалавека, а памяць людская захоўвае яго добрыя справы і клопаты.
Кожны дзень жыцця – як карціна,
намаляваная чорна-белымі альбо каляровымі фарбамі.
Пражытыя гады – залы музею, дзе сабраныя гэтыя карціны.
Спынімся каля некаторых палотнаў жыцця і творчасці Асобы,
незвычайных па сюжэце, яскравых па каларыце.
Асэнсоўваць, успамінаць, слухаць сэрцам і прыпыняцца каля карцін жыцця і творчасці пісьменніка і грамадзяніна Аляксея Карпюка запрашае Музей.