Уводзіны

Кожны дзень жыцця - карціна.
Карціна, намаляваная каляровымі
альбо чорна-белымі фарбамі.
Пражытыя гады - шматлікія залы,
дзе сабраныя гэтыя карціны.
У кожнага чалавека - свая галерэя.
Эрмітаж, Трэццякоўка, Луўр.
Ці сціплы правінцыяльны музей.
Залежыць ад таго, якое жыццё пражыў
чалавек.
Спынімся ля карцін
у светлым і прасторным Музеі жыцця
таленавітай і шматграннай Асобы,
якая пакінула яскравы след ў айчыннай
культуры.

Петрашэвіч Яўген Канстанцінавіч (18.06.1930–11.03.2017)

Усё жыццё Яўгена Канстанцінавіча было прасякнута творчасцю. Ён пісаў мелодыі і вершы, выдаваў кнігі, наведваў шматлікія імпрэзы, выступаў і атрымліваў узнагароды, супрацоўнічаў са шматлікімі харамі, вакальнымі і інструментальнымі групамі Гарадзеншчыны… Сваёй актыўнай дзейнасцю гэты Вялікі Чалавек імкнуўся уславіць Прынёманскі край. Але 11 сакавіка 2017 года на 87 годзе жыцця Яўгена Петрашэвіча не стала...

У віртуальным музеі вы пазнаёміцеся з некаторымі палотнамі яго жыцця, прысвечанага мастацтву.

Падарожжа па залах Музею пачынаецца…

Петрашэвіч Я. К. - выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Быў кіраўніком аркестравых груп народных ансамбляў “Нёман” і “Вянок”, фальклорнага Узорнага дзіцячага ансамбля “Гарадзеньскія дударыкі”. Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры СССР і БССР, Вярхоўнага Савета БССР. Член Гродзенскага клуба кампазітараў-аматараў, аўтар вакальна-харэаграфічных кампазіцый і песень.

З’яўляўся ўдзельнікам сусветных музычных фестываляў у Францыі, Нарвегіі, Швецыі. Уладальнік Гран-пры і прыза сімпатый гледачоў на Міжнародным фестывалі ў Гданьску. Дыпламант абласнога конкурса кампазітараў-аматараў Гродзеншчыны за цыкл песень-балад на гістарычную тэматыку на вершы Яна Чачота. Удзельнік конкурсаў гімнаў гарадоў Гродна, Нясвіжа, Ваўкавыска, Дзятлава.

З’яўляўся настаўнікам такіх вядомых музыкантаў, як Леанід Захлеўны і Віктар Войцік, сябраваў з Антонам Валынчыкам. Актыўна дапамагаў ва ўсіх нацыянальна-культурных мерапрыемствах, што ладзіліся ў Гародні.

1955 - выкладчык музыкі, скончыў Мінскае музычнае вучылішча;
1955-1956 - акампаніятар Беларускай дзяржаўнай эстрады;
1956-1970 - выкладчык Гродзенскай музычнай школы № 1 імя Ю. Семянякі (клас баяна, цымбал, аркестр народных інструментаў);
1970-1976 - кіраўнік аркестравай групы самадзейнага народнага ансамбля песні і танца “Нёман” (г.Гродна);
1972-1974 - кіраўнік хору Абласнога савета прафсаюзаў у Гродне.
1976-1981 - кіраўнік аркестравай групы ансамбля танца “Вянок”(г.Гродна);
1981-1990 - кіраўнік аркестра народных інструментаў абласнога Палаца піянераў і школьнікаў;
1990-2002 - кіраўнік Узорнага фальклорнага ансамбля “Гарадзенскія дударыкі”.

Яўген Петрашэвіч з’яўляўся Пачэсным студэнтам «Універсітэту Залатога Веку», да якога далучыўся амаль з самага пачатку яго дзейнасці. Кампазітар напісаў гімн УЗВ.

Яўген Канстанцінавіч быў выдатным паэтам, аўтарам наступных выданняў:

лістапад 2012 г. - выдадзены зборнік вершаў “Пасынкі”; 2013 г. - надрукаваны паэтычны зборнік “Віншаванкі”.